У Бельгіі з’явілася палітычная партыя пад назвай TRUMP
Яе ідэалогія грунтуецца на поглядах амерыканскага прэзідэнта.
У Бельгіі афіцыйна прадставілі франкамоўную ультрапраўную партыю TRUMP, ідэалогія якой грунтуецца на поглядах амерыканскага прэзідэнта.
Пра гэта паведамляе партал BRUZZ.
Назва TRUMP — гэта скарачэнне ад Tous Réunis pour l'Union des Mouvements Populistes («Усе аб’яднаныя за саюз папулісцкіх рухаў»).
Яна з’яўляецца працягам ультраправога праекта Chez Nous, які з’явіўся падчас федэральных выбараў у Бельгіі ў 2024 годзе (і запомніўся выкарыстаннем партрэтаў Марын Ле Пен у сваёй рэкламе), але не здолеў пераадолець выбарчы бар’ер.
«Дональд Трамп — сапраўдны сімвал папулізму. Ён адразу паказвае, за што мы выступаем», — сказаў BRUZZ заснавальнік TRUMP Сальваторэ Нікотра.
Паводле яго слоў, па 40% перадвыбарнай праграмы партыі было ўзята ў ультралевых і ультрапраўных, а астатнія 20% «з’яўляюцца ўнікальнымі».
TRUMP хоча ўдзельнічаць у наступных парламенцкіх і еўравыбарах у Бельгіі ў 2029 годзе, а таксама не выключае барацьбу на мясцовым узроўні, у прыватнасці ў Бруселі.
Афіцыйная прэзентацыя партыі адбудзецца 30 лістапада.