Міліцыянты ўлезлі праз акно ў кватэру дэмакрата, каб паслухаць, як ён лаецца мацюком
9- 10.10.2007, 21:03
Дэмакратычны актывіст Аляксандр Атрошчанкаў прысуджаны судом Цэнтральнага раёна Менска да 10 сутак арышту. Прысуд вынесла суддзя Таццяна Паўлючук. На судзе міліцыянты сцвярджалі, што актывіста арыштавалі з прычыны… «нецэнзурнай лаянкі». Нагадаем, што 9 кастрычніка позна ўвечары ў кватэру Атрошчанкава на другім паверсе праз акно (!) улезлі міліцыянты, правялі ператрус, канфіскавалі ўсю тэхніку, інфармацыйныя матэрыялы да Еўрапейскага Марша, нацыянальную і еўрапейскую сімволіку і арыштавалі гаспадара кватэры.
Уварваўшыся ў кватэру актывіста апазіцыі, міліцыянты заявілі, што ім паступіў ананімны званок пра тое, што там знаходзіцца труп. Аднак, як толькі яны патрапілі ў кватэру, перш за ўсё яны зацікавіліся кампутарамі.
Відавочна, што ўварванне ў кватэру Аляксандра Атрошчанкава ажыццёўленае па палітычных матывах. У момант нападу міліцыянтаў Атрошчанкаў пакінуў уключаным тэлефон, і мы чулі, як міліцыянты пагражалі яму і патрабавалі паказаць інфармацыйныя матэрыялы, звязаныя з Еўрапейскім Маршам. Потым тэлефон Атрошчанкава быў адключаны…
Ператрус у кватэры апазіцыянера працягваўся тры гадзіны. У кватэру не ўпусцілі жонку Аляксандра Атрошчанкава Дар'ю. Жонцы палітыка таксама не дазволілі перадаць мужу цёплыя рэчы з сабою ў турму.
Сведкамі абвінавачвання на судовым працэсе над дэмакратам выступалі старэйшы інспектар аддзела прафілактыкі правапарадку Цэнтральнага РУУС Дзмітрый Курэльчук і інспектар аддзела прафілактыкі правапарадку Цэнтральнага РУУС Анатоль Сушчэня.