«Единая Россия» зашчаміла Лукашэнку
- 15.10.2007, 12:32
Учора беларуская апазіцыя правяла Еўрапейскі Марш, які на задуму арганізатараў павінен быў стаць адной з найважнейшых падзей гэтай восені. Еўрапейскі Марш задуманы як дэманстрацыя еўрапейскага выбару Беларусі, які заключаны у прыхільнасці да дэмакратычных каштоўнасцяў. Аднак і ўлады падрыхтаваліся да мерапрыемства. Напярэдадні Марша Аляксандр Лукашэнка заявіў пра сувязі апазіцыі з нейкімі ўплывовымі асобамі ў Расеі: «На жаль, яны знаходзяць падтрымку ў даволі высокіх колах Расеі».
Падчас гутаркі з прадстаўнікамі расейскіх рэгіянальных СМІ, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў сваю дэмакратычнасць, выбраўшы для фону сітуацыю ў Расеі. Ён выказаў занепакоенасць тэндэнцыяй да фармавання культу асобы Уладзіміра Пуціна: «Я вельмі хвалююся, каб Расея не скацілася ў савецкія часы, калі ўсе ўскоквалі і крычалі «Слава КПСС!»... А калі я паглядзеў некаторыя эпізоды нядаўняга з'езду «Единой России», мяне зашчымела». На думку беларускага кіраўніка, «апяваць дзейнага кіраўніка дзяржавы – гэта няшчыра, гэтая хлусня».
Беларускія эксперты ў інтэрв'ю газеце «Время новостей» тлумачаць гэтыя выказванні беларускага кіраўніка праблемамі ў стасунках дзвюх краін пасля падвышэння цэнаў на расейскія энергарэсурсы з пачатку гэтага года і потым – яшчэ больш – з 2008 года. «Гэтыя заявы – працяг перамоваў па энергетыцы. Крытыка ў адрас Пуціна з'яўляецца спробай звесці канфлікт да асоб, каб было каго абвінаваціць у выпадку пагаршэння эканамічнай сітуацыі ў Беларусі», – сказаў «Времени новостей» кіраўнік даследчага цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук.
А вось беларускі незалежны палітолаг Юры Дракахруст мяркуе, што "рэзкія словы беларускага прэзідэнта ў адрас расейскага кіраўніцтва з'яўляюцца пасланнем Захаду". "Гэта можна разглядаць як просьбу аб падтрымцы на выпадак новага абвастрэння энергетычных стасункаў з Масквой ", – зазначыў палітолаг "Времени новостей".