Дзіцячаму прытулку забаранілі браць падарункі ад БНФ
- 15.10.2007, 18:08
Галоўны ідэоляг Мядзельшчыны забараніла дзіцячаму прытулку браць падарункі ад БНФ. Ад сёлетняй вясны Партыя БНФ зьбірае ад людзей патрэбныя цяжка хворым дзецям і дзецям-сіротам рэчы і перадае гэтую дапамогу малым пацыентам анкалягічных дыспансэраў і аддзяленьняў, іншым дзецям у бядзе. У Мядзеле прыняць дапамогу адмовіліся, але не кіраўніцтва тамтэйшага прытулку, а “вэртыкаль”. Апавядае Вінцук Вячорка:
"Перад 20-й гадавінай Чарнобыльскай катастрофы мы абвясьцілі збор рэчаў для малых пацыентаў дзіцячага онка-гематалягічнага дыспансэру ў Бараўлянах. Людзі прыносілі рэчы літаральна штодня. Мы завезьлі іх у Бараўляны, а потым вырашылі, што гэтая справа не павінна быць разавай кампаніяй. Пасьля гэтага мы перадавалі сабраную дапамогу хворым у тры мэдычныя ўстановы розных абласьцей. Але сутыкнуліся з чаканаю праблемаю. Пэўныя кіраўнікі мэдычных установаў, шчыра дзякуючы за дапамогу, баяліся, што факт яе аказаньня будзе вядомы іхнаму начальству і пашкодзіць ім. Мы стаміліся ад такой кансьпірацыі. Вырашылі дзейнічаць адкрыта. Высьветліўшы, што Мядзельскаму прытулку патрэбная дапамога, перш напісалі тамтэйшай адказнай за ідэалёгію Надзеі Герновіч. І яна… забараніла дзіцячаму прытулку атрымліваць дапамогу на той падставе, што там і так усё добра!"
"Але ж нідзе ў сьвеце, нават у самых заможных краінах, установы для дзецяў-сіротаў не раскашуюць і ахвотна прымаюць дапамогу! Акрамя таго, мы павінны цаніць шчыры парыў нашых людзей, якія такую дапамогу хочуць даць. Дык няўжо Мядзельскі дзіцячы прытулак купаецца ў раскошы?!", – рытарычна пытаецца Вінцук Вячорка.