Дэмакраты выйдуць на волю ў Дзень салідарнасьці
- 16.10.2007, 10:36
Сёньня з турмы на вуліцы Акрэсьціна на волю выйдуць чацьвёра актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху, якія былі прэвэнтыўна арыштаваныя напярэдадні Эўрапейскага Маршу. Сёньня ў Менску з турмы на вуліцы Акрэсьціна на волю выйдуць сябра аргкамітэта Эўрапейскага Марша, рэгіянальны лідэр Зьміцер Бародка, дэмакратычны актывіст Леанід Навіцкі, моладзевы лідэр Мікіта Сасім, і праваабаронца Сьвятлана Гарохавік.
Леаніда Навіцкага спачатку арыштавалі за тое, што ён меў пры сябе 100 сцягоў Еўразьвяза. Калі ён выйшаў на волю, яго сустрэлі Зьміцер Бародка і Святлана Гарохавік. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі іх празь некалькі гадзінаў і абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы. Пазьней, 12 кастрычніка, міліцыянты затрымалі Мікіту Сасіма і Паўла Юхневіча. Мікіту арыштавалі на пяцёра сутак, а Паўла – на сямёра.
Праваабаронца Ірына Тоўсьцік была на судзе. Яна паведаміла “Свабодзе”:
“Гэтых людзей затрымалі прэвэнтыўна для таго, каб яны ня трапілі на Эўрапейскі Марш. Іх асудзілі на 15 сутак. Мікіту Сасіма затрымалі пазьней і таму далі толькі пяцёра сутак. У судзе ўжо было ўсё зразумела. Няважна, што казалі абаронцы, што казала міліцыя. Было такое ўражаньне, што ўжо ўсё сплянавана і будзе арышт. Пытаньне было толькі ў тым, колькі дадуць”.
Леанід Навіцкі, Сьвятлана Гарохавік, Мікіта Сасім і Зьміцер Бародка выходзяць на волю ў Дзень салідарнасьці, які беларускія дэмакратычныя сілы адзначаюць 16-га дня кожнага месяца ўжо больш за два гады.
Моладзевыя актывісты будуць сустракаць Леаніда Навіцкага, Мікіту Сасіма, Зьмітра Бародку і Святлану Гарохавік а 17-й гадзіны.
18 кастрычніка на волю выйдуць Яўген Афнагель і Павал Юхневіч. Яўгена Афнагеля, заяўніка Эўрапейскага Маршу, затрымалі празь некалькі хвілінаў пасьля таго, як ён выйшаў зь Менгарвыканкаму па перамовах з чыноўнікамі аб маршруце акцыі. Яўгена, як і амаль усіх іншых затрыманых апазыцыянэраў, абвінавацілі ў дробным хуліганстве.
Усяго перад Еўрапейскім Маршам за краты трапілі 50 дэмакратычных актывістаў у Менску і ў рэгіёнах. Яшчэ некалькіх чалавек затрымалі ці заблякавалі ў кватэрах за суткі да акцыі.