9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэмакратычных актывістаў сустракаў з турмы кіраўнік амбасады Славаччыны

Дэмакратычных актывістаў сустракаў з турмы кіраўнік амбасады Славаччыны

Дэмакратычныя актывісты Зміцер Бародка, Леанід Навіцкі, Мікіта Сасім і Святлана Гарохавік выйшлі 16 кастрычніка, у Дзень беларускай салідарнасці, на волю з спецпрыёмніка-размеркавальніка на Акрэсціна. Напярэдадні Еўрапейскага Марша апазіцыянераў прысудзілі да 15 сутак арышту. З турмы апазіцыянераў сустракалі дзесяткі моладзевых актывістаў, родныя і блізкія, праваабаронцы, журналісты, а таксама часовы павераны ў справах Славаччыны ў Беларусі Любамір Рэгак. Амбасада Славаччыны, нагадаем, прадстаўляе ў Беларусі Еўрапейскі Звяз.

Славацкі дыпламат не толькі сустрэў апазіцыянераў, але і павёз Змітра Бародку і Леаніда Навіцкага з Акрэсціна на дыпламатычнай машыне.

«Гэта была мая асабістая ініцыятыва. Я вельмі хацеў, каб гэтых людзей зноў не абвінавацілі ў тым, што яны нецэнзурна лаяліся, каб яны спакойна прыехалі дамоў і ўбачылі сваіх дзяцей», – паведаміў Любамір Рэгак у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97.

Нагадаем, што ў Змітра Бародкі пакуль ён знаходзіўся ў турме, нарадзілася двайняты. Цяпер ён бацька траіх дзяцей. У Леаніда Навіцкага таксама двое дзяцей.

Сябра аргкамітэта Еўрапейскага Марша, рэгіянальнага лідэра Змітра Бародку, дэмакратычнага актывіста Леаніда Навіцкага і праваабаронцу Святлану Гарохавік затрымалі 1 кастрычніка ў раёне Менскага трактарнага завода. Два аўтамабілі, у якіх ехалі апазіцыянеры, спынілі супрацоўнікі ДАІ. Міліцыянты падселі ў машыны да затрыманых і адвезлі іх у Цэнтральны РУУС Менска. Напярэдадні суду актывісты змаглі азнаёміцца з пратаколамі. У іх гаворыцца, што актывісты нібыта затрымліваліся на вуліцы Заслаўскай супрацоўнікамі палка міліцыі спецыяльнага прызначэння (былы АМАП). Апазіцыянеры нібыта распаўсюджвалі газеты, а на заўвагі амапаўцаў рэагавалі нецэнзурнай лаянкай. Але ў гэты час актывісты знаходзіліся ў зусім іншым месцы – ля Менскага трактарнага завода, дзе іх і затрымалі.

Леанід Навіцкі ў дзень новага арышту 1 кастрычніка толькі выйшаў на волю пасля 10 сутак знаходжання ў спецпрыёмніку-размеркавальніку на Акрэсціна. Тады актывіста затрымалі за захоўванне 100 сцягоў Еўразвяза, але асудзілі таксама па артыкуле «хуліганства». Такім чынам, апазіцыянер правёў за кратамі 25 сутак запар.

Моладзевы лідэр Мікіта Сасім быў затрыманы напярэдадні Еўрапейскага маршу і арыштаваны на 15 сутак. Міліцыянты таксама абвінавацілі яго ў “нецэнзурнай лаянцы”. Агулам напярэдадні Маршу былі арыштаваныя 50 актывістаў апазіцыі.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках