«Газпром» скупляе беларускія заводы
6- 17.10.2007, 14:49
Расейскі газавы манапаліст пагадзіўся стварыць у Беларусі сумеснае прадпрыемства па выпуску мінеральных угнаенняў. У стварэнні сумеснага праекту ўдзельнічаюць беларускае прадпрыемства "Гародняазот" і расейская кампанія "Газ-Ойл" (даччыная структура "Газпрома").
Магутнасць першай чаргі па вытворчасці азотных угнаенняў складзе 573 тыс. тон. Пры гэтым магутнасць другой чаргі ствараемага прадпрыемства (па выпуску карбаміду) чакаецца на ўзроўні 575 тыс. тон.
Цяпер бакі кампаніі абмяркоўваюць магчымасць будаўніцтва трэцяй чаргі па вытворчасці складаных угнаенняў, паведамляе 17 кастрычніка «Тэлеграф» са спасылкай на расейскі «Коммерсант». Кошт праекту складзе да 700 млн. еўра. Як адзначае «Коммерсант», пачынаючы з 1994 года "Газпром" неаднаразова дамагаўся прыватызацыі "Гародняазота".
Газ – асноўная сыравіна для выпуску азотных угнаенняў
Магчымасць стварэння сумеснага прадпрыемства неаднаразова абмяркоўвалася з расейскім "Газпромам", калі беларускі бок вёў перамовы з газавым манапалістам па пытаннях цэнаў на газ. Прадстаўнікі канцэрна "Белнафтахіма", якому падведамасны "Гародняазот", адзначалі, што супрацоўніцтва з "Газпромам" на базе гэтага прадпрыемства вельмі выгоднае для Беларусі, бо прыродны газ – асноўная сыравіна для выпуску азотных угнаенняў.
"Расейцам завод можа быць цікавы тым, што размешчаны ў непасрэднай блізкасці да марскіх партоў і мае еўрапейскага тыпу чыгуначную каляіну, а ўгнаенні – вечная экспартная прадукцыя, якая мае практычна неабмежаваны збыт", – канстатавалі ў "Белнафтахіме".
Беларусь прапаноўвала "Газпрому" ажыццявіць два праекты на базе "Гародняазота"
У беларускім урадзе раней заяўлялі, што "Газпрому" прапанаваныя два праекты для рэалізацыі на базе прадпрыемства "Гародняазот".
“Адзін мы гатовыя рэалізоўваць – у 411 млн. даляраў, які прадугледжвае ў 10 кропках тэхналагічнага працэсу правесці глыбокую мадэрнізацыю і такім чынам у паўтара разы павялічыць вытворчасць угнаенняў на “Гародняазоце”. Але ў нас ёсць яшчэ праект на 840 млн. даляраў, і мы запрашаем інвестараў. З удзелам “Газпрома” тэрмін рэалізацыі мы можам істотна скараціць", – адзначалі профільныя службоўцы беларускага ўрада.