9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША прапанавалі адтэрмінаваць разгортванне ПРА ў Еўропе

ЗША прапанавалі Расеі прыпыніць разгортванне сістэмы ПРА ва Усходняй Еўропе датуль, пакуль абедзве краіны не прызнаюць, што існуе рэальная пагроза з боку Ірана, піша газета The Financial Times са спасылкай на амерыканскіх службоўцаў.

Паводле дадзеных выдання, з такой прапановай выступілі дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс і міністр абароны Роберт Гейтс, якія 12 кастрычніка ў Маскве сустракаліся з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным і кіраўніком МЗС Сяргеем Лаўровым.

Нагадаем, адразу пасля перамоваў з Райс Лаўроў заявіў, што якога-небудзь пагаднення па пытанні размяшчэння элементаў ПРА ЗША ў Польшчы і Чэхіі дасягнуць не атрымалася. А амерыканская дзяржсакратарка, у сваю чаргу, адзначыла, што амерыканцы павінны неадкладна пачаць разгортванне сістэмы проціракетнай абароны ў Еўропе, бо яны недаацанілі ступень пагрозы з боку Ірана.

16 кастрычніка Уладзімір Пуцін прыляцеў у Тэгеран на саміт прыкаспійскіх дзяржаў. Расейскі лідэр дамовіўся аб завяршэнні будаўніцтва бушэрскай АЭС і правядзенні ў 2008 годзе эканамічнай канферэнцыі краін каспійскага рэгіёна. Акрамя таго, дзяржавы дамовіліся не падаваць уласную тэрыторыю іншым краінам у выпадку агрэсіі або ваеннай аперацыі супраць якой-небудзь з краін каспійскага рэгіёна.

Напярэдадні начальнік Генштаба ВС РФ Юры Балуеўскі заявіў, што амерыканцы таксама прапанавалі выкарыстаць расейскія РЛС у Габале і Армавіры як дадатак да ствараемай сістэмы ПРА ЗША, якая ўключае радыёлакацыйную станцыю ў Чэхіі і ракеты-перахопнікі ў Польшчы. Аднак, па словах Балуеўскага, гэтая прапанова не новая і яна "ні да чаго не абавязвае".

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках