Мілінкевіч на Саміце еўрапейскіх кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў
- 18.10.2007, 10:07
Сёння лідэр руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч возьме ўдзел у Саміце Еўрапейскай народнай партыі, прадстаўленнай кіраўнікамі дзяржаваў і ўрадаў ЕС . Саміт пройдзе 18-19 кастрычніка ў Лісабоне (Партугалія) пад старшынствам кіраўніка ЕРР Вілфрэда Мартнэса.
Кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў Еўрапейскага Саюзу, а таксама краін-суседак, сустрэнуцца ў Лісабоне разам са старшынём Еўрапейскай камісіі Мануэлем Бароза і старшынём Еўрапейскага парламента Гансам-Гертам Потэрынгам для абмеркавання новага пагаднення Еўрапейскага Саюзу.
У Форуме прымуць удзел канцлер ФРГ Ангела Меркель, прэм’ер-міністр Нідэрландаў Ян-Петэр Балкенендэ, прэм’ер-міністр Грэцыі Костас Караманліс, кіраўнік урада Латвіі Айгарс Калвіціс і іншыя.
Ад краін, не ўваходных у ЕС, на Саміт прыедуць прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка, прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі, прэм’ер-міністр Харватыі Іва Санадэр, прэм’ер-міністр Албаніі Салі Берыша.
У спісе запрошаных пазначаны таксама ўкраінскі палітык Юлія Цімашэнка, прэзідэнт ПАРЕ Рэне ван дэр Ліндэн.