9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валянцін Стэфановіч: Палітвязні будуць амніставаныя толькі ў выпадку рашэння «зверху»

24 кастрычніка беларуская «палатка» разгледзіць праект Закона аб амністыі. Раней міністр унутраных спраў Беларусі Уладзімір Навумаў заяўляў, што «амністыя закране ўсіх грамадзян, якія здзейснілі злачынствы па неасцярожнасці, а таксама грамадзян, якія здзейснілі няцяжкія злачынства». Праваабаронцы мяркуюць, што да палітвязняў амністыя будзе скарыстаная толькі ў выпадку «адмашкі зверху».

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч лічыць, што з юрыдычнага пункту гледжання ні да Аляксандра Казуліна, ні да Артура Фінькевіча, ні да Змітра Дашкевіча амністыя не будзе скарыстаная, бо ў іх фармальна маюцца парушэнні рэжыму, а па законе аб амністыі да парушальнікаў дысцыпліны яна не ўжываецца, па дачыненні ж да Андрэя Клімава амністыя і зусім не можа быць ужытая, бо ўжо ўжывалася раней.

Аднак Валянцін Стэфановіч у інтэрв'ю «Завра твоей страны» не выключае, што пры пэўных умовах палітвязні могуць выйсці на свабоду. Вырашэнне пытання аб іх амністыі знаходзіцца не ў юрыдычнай, а ў палітычнай плоскасці: «У прынцыпе, і Дашкевіча, і Фінькевіча павінны былі б адпусціць, але перашкодай з'яўляюцца атрыманыя імі спагнанні. Калі ж будзе нейкі гандаль з міжнароднымі арганізацыямі, то ўлады могуць пайсці на саступкі і вызваліць палітычных вязняў».

У якасці прыкладу юрыст прывёў выпадкі з заснавальнікам «Маладога Фронту» Паўлам Севярынцам і сацыял-дэмакратам Міколам Статкевічам, якім спачатку было адмоўленае ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні. Але пазней, у надзеі на паляпшэнне ўмоў эканамічнага супрацоўніцтва з Еўразвязам, улады ўсё ж адпусцілі іх на свабоду раней за тэрмін, адмовіўшы пры гэтым у вызваленні экс-кандыдату ў прэзідэнты Аляксандру Казуліну.

Былы палітвязень Мікола Статкевіч тлумачыць: «Унутры ЕЗ ёсць суб'екты з рознымі пазіцыямі, і Менск будзе адсочваць рэакцыю. Калі ўлады ўбачаць станоўчыя сігналы з Еўропы, то могуць працягнуць гульню. Калі не – значыць, астатнім палітвязням проста не пашанцавала».

На думку ж эксперта Беларускага Хельсінскага камітэта Гары Паганяйлы, асоб, якія асуджаныя па палітычных матывах, амністыя сёлета не закране. «У цэлым гэта «куртаты» закон, калі ён будзе прыняты, то амніставаныя будуць толькі дзве-тры тысячы чалавек, у асноўным, старыя, пенсіянеры, інваліды. Я чытаў праект закона і магу сцвярджаць, што ні Казулін, ні Клімаў, ні маладафронтаўцы, асуджаныя за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, пад амністыю не падпадуць – шанцаў у іх няма!» – сцвярджае юрыст.

Аднак Валянцін Стэфановіч усё ж упэўнены, што ў выпадку адмашкі зверху, адміністрацыі выпраўленчых устаноў будуць гатовыя пайсці на амніставанне палітвязняў. «Цяпер, як і ў выпадку з Севярынцам і Статкевічам, будзе прымацца выключна палітычнае рашэнне», – лічыць праваабаронца.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках