9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бародка: «Лукашысты не вераць у Бога»

14
Зміцер Бародка: «Лукашысты не вераць у Бога»

Гэтымі днямі з спецпрыёмніка-размеркавальніка на Акрэсціна выйшаў на волю сябра аргкамітэта Еўрапейскага Марша, дэмакратычны актывіст Зміцер Бародка. У дзень, калі Бародку несправядліва прысудзілі да 15 сутак арышту, яго жонка Валянціна нарадзіла двайнят. Раптоўны арышт мужа выклікаў у жанчыны заўчасныя роды.

«Апошнім разам я адбываў арышт на Акрэсціна некалькі гадоў таму. Трэба сказаць, што за гэты час умовы ўтрымання ў спецпрыёмніку сталі больш жорсткімі. З'явілася такая навіна як асабісты надгляд, або папросту кажучы, «шмон». Два разы на тыдзень у камеру прыходзілі ахоўнікі і пачыналі нас абшукваць. Правяралі кожную кішэню, кожнае шво…Як у сапраўднай «зоне», – распавёў Зміцер Бародка прэс-цэнтру Хартыі’97.

Вельмі цяжка без харчовых перадач. «Хоць і кормяць у спецпрыёмніку тры разы на дзень, есці гэтую ежу практычна немагчыма. Я памятаю, быў на экскурсіі з праваабаронцамі ў шведскім следчым ізалятары, і спытаў у начальніка ізалятара, колькі можна перадаваць ежы для падследных. Начальнік не зразумеў майго пытання. Навошта перадаваць ежу, спытаў ён, калі і так усяго хапае? Гэта значыць, там забеспячэнне ў турмах настолькі лепшае, што пра перадачы ніхто не задумваецца. У рацыёне ўсё прадугледжанае: добрае мяса, шмат гародніны, садавіны. У нас жа людзі падчас арышту галадаюць. Аснову рацыёну на Акрэсціна складае каша і хлеб. У абед даюць катлету, якую есці практычна немагчыма. Людзі мучацца на страўнікава-кішачныя хваробы. Утрыманне ў беларускіх турмах можна параўнаць з сярэднявеччам, калі ўвесь час знаходзішся ў «каменным мяшку», не бачыш святла, і ежу табе перадаюць у вузкае акенца ў дзверы. Шматлікія праваабаронцы цяпер кажуць пра жахі ўтрымання ў турмах Гуантанама і Абу-Грэйб, але хацелася б, каб, акрамя гэтага, звярнулі ўвагу на ўмовы ўтрымання палітвязняў у Беларусі», – распавядае актывіст апазіцыі.

«Было сапраўднае катаванне холадам. З прычыны холаду нельга было спаць. Праз кожныя 15 хвілін уставалі і рабілі практыкаванні – інакш можна было акалець. Усе, хто быў са мной у камеры, дужа прастылі і выйшлі на волю хворымі людзьмі», – адзначае Зміцер Бародка.

«Калі я выйшаў на свабоду, мяне ўсе пыталі, што я адчуваю, – працягвае апазіцыянер. – З аднаго боку, было шкада, што не ўдзельнічаў у Еўрапейскім Маршы. Мабыць, улада пакуль не здольная весці цывілізаваны дыялог. Была надзея, што яны задумаюцца…Бо я ж сябра аргкамітэта Еўрапейскага Марша. Мы прапанавалі ўладам правесці гэтую акцыю разам. Замест гэтага пайшлі подлыя арышты арганізатараў Марша. Быў арыштаваны нават афіцыйны заяўнік акцыі Яўген Афнагель. Такое ўражанне, што мы маем справу з псіхапатамі…».

«З другога боку, было радаснае пачуццё, што я выйшаў з турмы бацькам траіх дзяцей. Але я спадзяваўся, што па выхадзе на свабоду заспею жонку дома і сам адвязу яе ў радзільню. Аднак у той дзень, калі мяне схапілі, у жонкі быў нервовы зрыў, адбыліся заўчасныя роды… Цяпер мы з жонкай хвалюемся за здароўе малых, молім Бога, каб усё абышлося», – гаворыць Бародка.

«Цяжка пра гэта казаць. Але выпадак са мной і маёй жонкай паказаў, што гэтая ўлада абсалютна амаральная. Людзям, якія аддавалі загад мяне схапіць, было абсалютна ўсё роўна, што мы з жонкай чакаем дзяцей. Ніхто не думаў, як гэта адаб'ецца на здароўе маці і малых. Я пытаў у міліцыянта, які даваў лжывыя сведчанні супраць мяне на судзе, ці не баіцца ён Страшнага Суду. Той адказаў: «Я не веру ў Бога». Але важна ў любой сітуацыі заставацца чалавекам!... Крыўдна тое, што калі б я сапраўды здзейсніў нейкае парушэнне, то ўся віна ляжала б на мне. Але затрымалі мяне па надуманай прычыне, і пазбавілі магчымасці быць з сям'ёй і клапоціцца пра яе…», – адзначае палітык.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках