9 чэрвеня 2026, aўторак, 8:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яўген Афнагель: «Пры затрыманні мне на галаву накінулі чорны мяшок»

2
Яўген Афнагель: «Пры затрыманні мне на галаву накінулі чорны мяшок»

«Пры затрыманні амапаўцы накінулі мне на галаву чорны цэлафанавы мяшок, забралі мабільны тэлефон», – распавёў прэс-цэнтру Хартыі’97 заяўнік Еўрапейскага Марша, актывіст грамадзянскай кампаніі “Джынс за Свабоду” Яўген Афнагель, які сёння выйшаў на волю з спецпрыёмніка-размеркавальніка на Акрэсціна, дзе адбываў 10 сутак арышту.

Па словах Яўгенія Афнагеля, адразу пасля затрымання яго адвезлі ў Цэнтральны РУУС Менска. Пры гэтым, па словах апазіцыянера, «амапаўцы вельмі моцна мацюкаліся». «Казалі, што надта доўга мяне шукалі…», – кажа заяўнік Еўрапейскага Марша.

Ужо праз паўгадзіны пасля прыбыцця ў РУУС, Афнагеля даставілі ў суд Цэнтральнага раёна. Суддзя Таццяна Паўлючук вынесла прысуд – 10 сутак арышту. Сведкі-амапаўцы Ігар Майсееў і Сяргей Шэйко адкрыта ілгалі і казалі, што Афнагель нецэнзурна лаяўся ў грамадскім месцы.

У спецпрыёмніку-размеркавальніку, па словах апазіцыянера, было вельмі холадна. «Было жудасна холадна, дужа мерзлі. Перадачы нельга перадаваць, таму сілкаваліся толькі тым, што давалі – у асноўным, вадзяністай пярлоўкай. Ежы, вядома, вельмі бракавала. У камеры знаходзілася 9 чалавек. Я практычна ўвесь час сядзеў з бытавымі хуліганамі», –распавядае Афнагель.

Нагадаем, адзін з заяўнікаў Еўрапейскага Марша, актывіст грамадзянскай кампаніі «Джынс за Свабоду» Яўген Афнагель быў затрыманы 8 кастрычніка пасля сустрэчы арганізатараў Еўрапейскага Марша з службоўцамі Менгарвыканкама. Вонкавае назіранне за Яўгенам Афнагелем вялося з таго моманту, як актывіст выйшаў з Менгарвыканкама, дзе ён удзельнічаў у перамовах з гарадскімі ўладамі з нагоды правядзення Еўрапейскага Марша.

«Відавочна, што ўлада не з'яўляецца адным цэлым. У той час, як адны службоўцы хочуць дыялогу з апазіцыяй, хочуць, каб краіна нармальна развівалася, другія наносяць шкоду іміджу краіны. Я рады, што, як мы і разлічвалі, людзям далі сабрацца на Еўрапейскі Марш. З другога боку, перад гэтым былі арыштаваныя вельмі шмат людзей. Тым самым улада сама сябе дыскрэдытавала», – сказаў Яўген Афнагель.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках