Міліцэйскае бясчынства супраць арганізатараў Еўрапейскага Марша
- 18.10.2007, 23:20
Дэмакратычнаму актывісту Паўлу Юхневічу атрымалася патэлефанаваць з Савецкага РАУС і паведаміць, што супрацоўнікі міліцыі склалі ў дачыненні яго яшчэ адзін адміністрацыйны пратакол – нібыта за тое, што ён «нецэнзурна лаяўся» ў аддзяленні. Такім чынам, міліцыя «апраўдала» затрыманне Юхневіча да суду, які адбудзецца 19 кастрычніка.
Суд будзе разглядаць не толькі пратакол, складзены ў дачыненні Юхневіча амаль два месяцы таму – за прысутнасць на спектаклі «Свабоднага тэатра», – але і яшчэ адзін, такая ж сфальсіфікаваная міліцэйская справаздача.
Міліцэйскае бясчынства тлумачыцца проста. Па законе, супрацоўнікі міліцыі павінны былі яго вызваліць да суду. Для таго, каб гэтага не рабіць, яны і склалі ў дачыненні апазіцыянера другі пратакол.
Дэмакратычны актывіст Павал Юхневіч адбыў 7 сутак арышту за ўдзел у падрыхтоўцы Еўрапейскага Марша. У чацвер, адразу пасля заканчэння тэрміна, з спецпрыёмніка-размеркавальніка на Акрэсціна яго павезлі ў суд Савецкага раёна Менска. За прысутнасць на спектаклі «Свабоднага тэатра» супраць яго быў складзены пратакол нібыта за «нецэнзурную лаянку».
22 жніўня ў 20.30 супрацоўнікі палка міліцыі спецыяльнага прызначэння (былы АМАП) уварваліся ў прыватны дом у раёне плошчы Бангалор у Менску, дзе праходзіў прэм'ерны спектакль беларускага «Свабоднага тэатра». Праз 5 гадзін акцёры і гледачы былі вызваленыя. Пратакол быў складзены толькі ў дачыненні моладзевага актывіста Паўла Юхневіча.