Мілінкевіч на саміце ў Лісабоне: «Эўропа займае ў адносінах да Беларусі цьвёрдую пазыцыю»
2- 19.10.2007, 9:58
Лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч прыняў удзел у саміце Эўрапейскай народнай партыі (ЕРР), які праходзіў у сталіцы Партугаліі – Лісабоне. Былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі правёў у Лісабоне і асабістыя сустрэчы: з шэрагам вядомых палітыкаў: - кіраўніком Эўрапарламэнта Гансам-Гертам Пэтэрынгам, кіраўніком ПАРЭ Рэнэ ван дэр Ліндэнам, прэзідэнтам Грузіі Міхаілам Саакашвілі, лідэрам БЮТ Юліяй Цімашэнкай.
Эўрапейская народная партыя аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах правыя і правацэнтрыскія партыі. Яны маюць значную палітычную вагу ў краінах Эўропы. У прыватнасьці, Ганс-Герт Пэтэрынг зь Нямеччыны ачольвае Эўрапарлямэнт, у якім “народнікі” прадстаўляюць найбуйнейшую фракцыю, а Рэнэ ван дэр Ліндэн зь Нідэрляндаў – Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы.
Аляксандар Мілінкевіч, які атрымаў асабістае запрашэньне прыехаць у Лісабон, гаворыць, што паседжаньне 18 кастрычніка цягнулася ўвесь дзень і праходзіла даволі эмацыйна:
“Абмяркоўвалі перадусім, што трэба зрабіць, каб прыняць эўрапейскую Канстытуцыю, дачыненьні з Расеяй, праблему Турцыі. Госьці расказвалі пра сытуацыю ў сваіх краінах: Юшчанка і Цімашэнка – пра Ўкраіну, я – пра Беларусь, Саакашвілі – пра Грузію. Нас вельмі ўважліва слухалі, задавалі пытаньні. Самыя галоўныя тычыліся энэргетычнай бясьпекі, паколькі я казаў, што Беларусь павінна ўдзельнічаць у гэтых працэсах. І вельмі важна, каб мы не выпалі зь іх. А другое пытаньне: ці ёсьць пазытыўныя зьмены ў паводзінах уладаў? Бо Эўропа ўсё прапануе і чакае, што будуць зрухі”, -- распавёў Мілінкевіч “Радыё Свабода”.
Спадар Мілінкевіч таксама сказаў, што яго вельмі ўсьцешыла, што эўрапейцы маюць агульную пазыцыю адносна Беларусі:
“Раней здавалася, што Рада Эўропы займае больш мяккую пазыцыю, а Эўразьвяз з вядомымі сваімі дванаццацьцю ўмовамі для Беларусі – больш жорсткую. Але сёньня было бачна, што ўсе займаюць аднолькавую цьвёрдую пазыцыю і ўсе хацелі б супрацоўнічаць з Беларусьсю. І, канечна, толькі ад Беларусі зараз усё гэта залежыць”.
Былы кандыдат у прэзыдэнты правёў у Лісабоне і асабістыя сустрэчы: з шэрагам вядомых палітыкаў: Пэтэрынгам, ван дэр Ліндэнам, Саакашвілі, Юліяй Цімашэнкай:
Пра сустрэчу з Цімашэнка лідэр руху “За Свабоду” распавёў наступнае:
“Я, па-першае, павіншаваў яе з выдатнай выбарчай кампаніі, сказаў ёй таксама, што яна ўзбудзіла ў сваёй краіне вялікую веру ў перамены. І пажадаў ёй посьпехаў.
Я думаю, што яна мае вялікія шанцы стаць прэм’ерам. І, безумоўна, нам залежыць на тым, каб на Ўкраіне было як мага больш пазытыўнага. Бо іх рэвалюцыя павінна прывесьці да добрых вынікаў. І я думаю, што гэта, можа, і ёсьць самае галоўнае. І тое ж самае і ў Грузіі”.
Сёньня раніцай Аляксандар Мілінкевіч правядзе некалькі сустрэчаў, пасьля чаго вяртаецца ў Беларусь.