Саміт Еўразвяза ўхваліў канстытуцыйнае пагадненне ЕЗ
- 19.10.2007, 10:28
Кіраўнікі 27-мі дзяржаў і ўрадаў краін Еўразвяза на саміце ў Лісабоне раніцай у пятніцу пасля напружаных сямігадзінных перамоваў пераадолелі рознагалоссі і ўхвалілі праект канстытуцыйнага пагаднення ЕЗ.
"З дасягненнем гэтага пагаднення Еўропа выйшла з свайго інстытуцыйнага крызісу", – заявіў Жазэ Сакратэш, прэм'ер-міністр Партугаліі, якая старшынствуе ў ЕЗ.
Лідэры краін Еўразвяза пайшлі на кампраміс з Італіяй і Польшчай, якія пратэставалі супраць праекту пагаднення, пагражаючы накласці на яго вета.
Праект, у прыватнасці, прадугледжваў памяншэнне колькасці дэпутатаў ад Італіі ў Еўрапейскім Парламенце (ЕП). У выніку ў італьянцаў магло апынуцца менш прадстаўнікоў у ЕП, чым у Францыі і Вялікабрытаніі. Аднак калегі па ЕЗ пайшлі насустрач італьянскаму прэм'еру Рамана Продзі, даўшы Італіі дадатковае месца ў Еўрапарламенце. У выніку Італія захавае парытэт прадстаўніцтва ў ЕП з Вялікабрытаніяй і будзе мець толькі на адно месца менш, чым у Францыі.
Што тычыцца Польшчы, то яна настойвала на тым, каб краіны, якія выступаюць супраць прыняцця той ці іншай прапановы, але якія апынуліся ў меншасці, мелі права часова "замарозіць" прынятае рашэнне. У выніку, пасля цяжкага гандлю Варшава дамаглася свайго, і адпаведнае становішча было ўключанае ў тэкст пагаднення.
"Польшча атрымала ўсяго, чаго хацела. Я шчаслівы, што гэтая справа засталася ў мінулым", – заявіў пасля дасягнення пагаднення прэзідэнт рэспублікі Лех Качыньскі.
Дакумент, які будзе называцца Лісабонскай дамовай, кіраўнікі краін Еўразвяза фармальна падпішуць 13 снежня гэтага года ў партугальскай сталіцы, паведаміў Ж.Сакратэш.
Пасля яго ратыфікацыі ўсімі дзяржавамі–удзельніцамі ён павінен уступіць у сілу ў 2009 годзе і замяніць Еўрапейскую канстытуцыю, якая была адхіленая грамадзянамі Францыі і Галандыі ў 2005 годзе.