Беларусь можа пакінуць расейцаў без кампенсавання
2- 23.10.2007, 14:02
Cубсідыі з беларускай казны пастаўшчыкам расейскай нафты – змушаная, але часовая мера, паведаміў у аўторак першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка.
Расея з пачатку года ўвяла пошліну на пастаўкі нафты ў Беларусь, пасля чаго Менск з траўня ўсталяваў дзяржаўнае кампенсаванне для пастаўшчыкоў у 90 працэнтаў ад памеру пошлін, каб захаваць давальніцкія пастаўкі на два свае перапрацоўчыя заводы.
Пазней памер кампенсавання быў павялічаны да 110 працэнтаў ад памеру пошлін для паставак па нафтаправодах і да 130 працэнтаў для паставак па чыгунцы.
"Паводле нашых разлікаў, гэта дазволіць актывізаваць працу давальніцкіх схем, але гэта часовая схема", – сказаў, не канкрэтызаваўшы тэрмінаў, Сямашка, якога цытуюць мясцовыя агенцтвы навін.
"Развязанне праблемы знаходзіцца ў іншай плоскасці і звязанае з ростам капіталізацыі беларускіх НПЗ. Заводам неабходна працягваць працу па павелічэнні глыбіні перапрацоўкі нафты", – дадаў ён.
Цяпер Мазырскі і Наваполацкі нафтаперапрацоўчыя заводы выпускаюць 68-70 працэнтаў светлых прадуктаў, але Беларусь разлічвае павялічыць яго да 92-93 працэнтаў у выніку мадэрнізацыі НПЗ, сказаў Сямашка.
Пасля ўвядзення Расеяй мытных пошлін на нафту і падвышэння да расейскага ўзроўню беларускіх пошлін на экспарт нафтапрадуктаў прыбытковасць перапрацоўкі на беларускіх НПЗ значна знізілася.
У гэтым годзе Беларусь чакае паставак з Расеі 21,5 мільёна тон нафты.