ААН крытыкуе беларускі закон аб бежанцах
- 24.10.2007, 17:17
Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў мае намер дамагацца прывядзення заканадаўства Беларусі аб бежанцах у адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі.
24 кастрычніка беларуская «палатка» прыняла ў першым чытанні законапраект "Аб падаванні замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства статусу бежанца, дадатковай або часовай абароны ў Рэспубліцы Беларусь". Дарадца па прававых пытаннях прадстаўніцтва УВКБ ААН у Беларусі Іван Салееў, каментуючы БелаПАН прыняцце законапраекта, заявіў, што ў дакуменце не ўлічаныя ўсе прапановы УВКБ ААН па прывядзенні беларускага заканадаўства аб бежанцах у адпаведнасць з наяўным міжнародным заканадаўствам, у першую чаргу з Канвенцыяй 1951 года аб статусе бежанца.
У прыватнасці, паводле яго слоў, у беларускім заканадаўстве «бежанцы прыроўненыя да тых замежных грамадзян, хто пастаянна пражывае ў Беларусі, а для поўнай абароны, напрыклад, у сферы медыцынскага абслугоўвання іх неабходна заканадаўча прыраўняць да грамадзян Беларусі».
І.Салееў таксама адзначыў, што падставай для пазбаўлення статусу бежанца, паводле прынятага законапраекта, можа стаць часовая адсутнасць чалавека на тэрыторыі краіны, што таксама супярэчыць міжнародным нормам. «Выезд з краіны, якая падала статус бежанца, не можа быць падставай для пазбаўлення статусу бежанца. Такім чынам, прадстаўніцтва УВКБ ААН у Беларусі мае намер ініцыяваць выключэнне вышэйзгаданай падставы з праекту закона», – лічыць міжнародны эксперт.