Цэны ў Беларусі вышэйшыя, чым у Літве, Польшчы, Нямеччыне і нават ЗША
15- 25.10.2007, 13:56
Мабыць, няма больш актуальнай тэмы для жыхароў нашай краіны, чым перманентнае падвышэнне цэнаў на прадукты. Толькі на малако ў гэтым месяцы цэны падвышаліся 5 разоў! І, як сцвярджаюць нашы службоўцы, гэта яшчэ не мяжа…
Праўда, у той самы час беларускія малочныя прадукты сталі актыўна вывозіцца ў прымежныя з Беларуссю расейскія рэгіёны, дзе яны каштуюць даражэй у 1,5-2 разы, чым у нас. Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання краіны Міхаіл Савельеў на днях заявіў, што спажыванне малака ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях за верасень вырасла на 10-11 працэнтаў. Пры гэтым ён сказаў, што ўрад не збіраецца ўводзіць памежны кантроль на беларуска-расейскай мяжы і будзе дзейнічаць толькі эканамічнымі метадамі пры вырашэнні дадзенай праблемы.
Ці паўплывае гэта на далейшы рост цэн на харчовыя тавары?
Эканаміст Інстытута прыватызацыі і мэнэджменту (ІПМ) Аляксандр Чубрык заявіў у інтэрв'ю газеце «Труд», што далей цэнам на беларускія прадукты расці ўжо няма куды:
– Я не ведаю, адкуль бярэцца такая вялікая розніца паміж цэнамі на малочныя прадукты ў Расеі і Беларусі. Мне падаецца, што нашы службоўцы часам выкарыстоўваюць у сваіх разліках цэны на малако, тварог, смятану і г. д. у Маскве, а не ў большасці расейскіх рэгіёнаў, што непрымальнае ў прынцыпе. Шматлікія нашы падаткаплацельшчыкі не ведаюць, што ў нас цэны на асноўныя пазіцыі па харчаванні вышэйшыя, чым у Літве, Польшчы, Нямеччыне і нават ЗША. Пры гэтым яны цалкам супастаўныя з цэнамі на харчы ў Швецыі, Нарвегіі і іншых еўрапейскіх краінах. Уся гэта свістапляска з цэнамі тлумачыцца заадміністраванасцю нашай эканомікі, што прызнаюць нават асобныя адказныя службоўцы розных міністэрстваў і ведамстваў. Будзе эфектыўная рэнтабельная сельская гаспадарка – будзе і вялікая стабільнасць адносна цэнаў на прадукты харчавання.
Да гэтага хочацца дадаць толькі адно. Аб’етыўна кажучы, цэны на прадукты харчавання растуць ва ўсёй Еўропе: неўраджай зерневых сёлета, рэзкае скарачэнне ворных зямель і г. д. Праўда, і зарплаты ў абсалютнай большасці еўрапейскіх краін значна вышэйшыя, чым у нас…