9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Замест мітынгу прадпрымальнікі возьмуць удзел у Дні здароўя

Замест мітынгу прадпрымальнікі возьмуць удзел у Дні здароўя

Віцебскі гарвыканкам адмовіў індывідуальным прадпрымальнікам у правядзенні 29 кастрычніка ў абласным цэнтры мітынг пратэсту. Пра гэтым БелаПАН паведаміў намеснік старшыні рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Перспектыва» Анатоль Шапавалаў.

Удзельнікі акцыі (арганізатары разлічвалі на ўдзел не менш як 500 прадпрымальнікаў) мелі намер прыцягнуць увагу гарадской адміністрацыі да праблем малога бізнэсу. У заяўцы было адзначанае санкцыянаванае ўладамі горада месца – парк імя 30-годдзя ВЛКСМ.

«У адказ на нашу паўторную заяўку на правядзенне мітынгу прыйшоў ліст за подпісам намесніка старшыні Віцебскага гарвыканкама Паўла Лосіча. У ім паведамляецца, што ў сувязі з раней зацверджанай праграмай у парку імя 30-годдзя ВЛКСМ, а таксама ў ДзЮСШ «Камсамолец», якая знаходзіцца на тэрыторыі парку, пройдуць спартова-масавыя мерапрыемствы ў рамках гарадскога свята «Дзень здароўя». Таму ў правядзенні мітынгу нам чарговым разам адмоўленае», – сказаў А.Шапавалаў.

Намеснік старшыні РГА «Перспектыва» не выключае, што прадпрымальнікі возьмуць удзел у Дні здароўя. «Прынамсі, мы туды абавязкова прыйдзем, і калі там сапраўды будуць праходзіць нейкія спартовыя мерапрыемствы, то чаму б у іх не паўдзельнічаць? Бо прадпрымальнікам таксама трэба здароўе, і мы не супраць мерапрыемстваў, якія заклікаюць да здаровага лада жыцця», – дадаў А.Шапавалаў.

Нагадаем, у адказ на сваю першую заяўку на правядзенне мітынгу 24 верасня віцебскія прадпрымальнікі атрымалі ліст за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама Уладзіміра Яравікова, у якім улады не адмовілі ў правядзенні мітынгу, але і не далі згоды. У лісце паведамлялася, што для станоўчага вырашэння пытання трэба ўзгадніць правядзенне мітынгу з міліцыяй, службай хуткай меддапамогі і ЖКГ. Аднак выканаць гэтыя патрабаванні арганізатары не паспелі, бо даведаліся пра іх за тры дні да запланаванага мітынгу, напярэдадні выходных.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках