Амапаўцы спрабавалі разагнаць пікет у падтрымку Казуліна
15- 25.10.2007, 13:41
24 кастрычніка ў Менску праходзіў дазволены сталічнымі ўладамі трохгадзінны пікет салідарнасці з Аляксандрам Казуліным. Праз гадзіну пасля пачатку акцыі да яе ўдзельнікаў пад'ехаў браняваны аўтазак з супрацоўнікамі сілавых структур у цывільным – магчыма,супрацоўнікамі АМАПа. Пра гэта прэс-цэнтру Хартыі’97 паведаміў намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Рынкевіч.
Амапаўцы груба адштурхнулі дачок Аляксандра Казуліна, якія ўдзельнічалі ў пікеце, парвалі вялікі плакат са словамі «Свабоду Аляксандру Казуліну! Кандыдат у прэзідэнты Беларусі кінуты на 5,5 гадоў у турму». За дзеяннямі гэтых людзей назіраў апрануты па форме супрацоўнік АМАПа ў званні старшыны.
Супрацоўнікі сілавых структур, якія накінуліся на пікетчыкаў, патрабавалі дазволу Менгарвыканкама на правядзенне пікету. Заяўнік акцыі Алесь Стральцоў паказаў дакументы. Пасля гэтага амапаўцы пакінулі пікетчыкаў у супакою і з'ехалі.
Удзельнікі пікету, нагадаем, збіралі подпісы пад зваротам да Аляксандра Лукашэнкі. Паплечнікі А.Казуліна лічаць яго крымінальны пераслед палітычна матываваным, а асуджэнне экс-кандыдата ў прэзідэнты пазапраўным.
За правядзеннем акцыі назіралі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Пікетчыкаў таксама здымалі на відэакамеру.