У Гомелі дзяржаўныя сцягі віселі «дагары нагамі» (Фота)
- 25.10.2007, 12:51
Гомельскія грамадскія актывісты звяртаюць увагу гарадскіх улад на тое, што на некаторых установах і адміністрацыйных будынках раздзімаюцца сцягі невядомых краін.
24 кастрычніка грамадскія актывісты зафіксавалі ў Гомелі два выпадкі, калі на адміністрацыйным будынку і галоўным корпусе медуніверсітэта віселі сцягі, толькі падобныя на беларускія.
Як паведаміў БелаПАН актывіст моладзевага дэмакратычнага руху Зміцер Жалезнічэнка над будынкам адміністрацыі Цэнтральнага раёна горада ўчора раздзімаўся сцяг з чырвонай паласой унізе і зялёнай – зверху. «Згодна з законам «Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь» дзяржаўны сцяг уяўляе сабою палотнішча з гарызантальных палосаў – верхняй чырвонага колеру і зялёнай знізу. А службоўцы, якія павінны кантраляваць правільнае выкарыстанне дзяржаўнай сімволікі, нават не прымячаюць, што сцягі на дзяржаўных установах вісяць дагары нагамі», – пракаментаваў З.Жалезнічэнка.
Актывіст зрабіў запіс у кнігу заўваг і прапаноў адміністрацыі Цэнтральнага раёна аб недапушчальнасці здзекавання над дзяржаўнай сімволікай, пасля чаго прыбылі супрацоўнікі МНС і знялі сцяг з зялёнай паласой зверху і павесілі правільны – з зялёнай паласой знізу.
24 кастрычніка аналагічны выпадак зафіксаваў грамадскі актывіст Андрэй Аксёнаў. Ён паведаміў БелаПАН, што ўжо некалькі дзён над галоўным корпусам Гомельскага дзяржаўнага медуніверсітэта вісіць сцяг невядомай краіны. «Я з гэтай нагоды маю намер звярнуцца да гарадскіх улад, каб яны больш уважліва ставіліся да сімволікі. Дарэчы, прыкладна паўгода таму я таксама звяртаўся ў гарвыканкам з нагоды сцягоў невядомых краін, якія віселі над будынкамі горада. Адзін з такіх сцягоў нагадваў сцяг СССР – з сярпом і молатам, у другога арнамент быў не ля тронкі, а на знешнім баку. Яны «упрыгожвалі» адміністрацыйныя будынкі горада на цэнтральнай плошчы. Я паказаў у сваім звароце ў гарвыканкам, што службоўцы павінны перарываць здзек над дзяржаўнай сімволікай, а таксама не прапагандаваць сярод насельніцтва няправільнае ўяўленне аб дзяржаўным сцягу нашай рэспублікі», – лічыць Андрэй Аксёнаў.
Паводле яго слоў, пасля звароту ў гарвыканкам яму быў дадзены адказ за подпісам намесніка старшыні Сяргея Парошына, у якім пільнаму гамяльчаніну дзякавалі «за актыўную грамадзянскую пазіцыю і нецярпімасць да фактаў невыканання закона аб дзяржаўных сімвалах». У адказе таксама было адзначанае, што вінаватыя службоўцы папярэджаныя «за самае грубае парушэнне і нядбалае стаўленне да патрабаванняў закона аб дзяржаўных сімвалах».

Фото "Белорусские новости"