У Гародні таксама затрымлівалі людзей, якія ехалі на магілу Каліноўскага
1- 28.10.2007, 15:23
Супрацоўнікі міліцыі затрымалі ў Гародні аўтобус, які меўся ехаць у Свіслач на ўшанаванне Дня памяці паўстанцаў 1863 года. Менчукі так і не смаглі даехаць -- аўтобус з Менску, які таксама накіроўваўся ў Свіслач, быў затрыманы двойчы -- ў Дзяржынску і Баранавічах.
Аўтобус з прыхільнікамі Руху ”За Свабоду”, сябрамі іншых арганізацый, моладзевымі актывістамі затрымалі ў Гродне міліцыянты. Яны ўвайшлі ўнутр і здымалі ўсіх, хто быў у аўтобусе, на відэакамеру. Вакол аўтобуса стаялі міліцэйскія варанкі.
- Па нашай інфармацыі, вы разам з мінскімі сіламі спрабуеце сёння “паставіць на вушы” Свіслач, - паведаміў прысутным адзін з міліцыянтаў. Пасля аператыўнай здымкі і папярэджання пра адказнасць за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве аўтобус адпусцілі.
У праграме Дня памяці ў Свіслачы малебен ў мясцовым касцёле, урачыстае ўскладанне кветак да помнікаў героям паўстання Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту, наведванне вёскі Якушоўка, дзе захаваліся парэшткі падмуркаў сядзібы Каліноўскіх, побач з якой у 1997 годзе актывістамі дэмакратычнага руху быў усталяваны памятны крыж, канцэрт.
На Дзень памяці паўстанцаў 1863 года ў Свіслач штогод з’язджаецца ўсё большая колькасць людзей. Свіслач, адзіны населены пункт у Беларусі, дзе ўсталяваны помнік Кастусю Каліноўскаму. На мясцовых могілках пахаваны старэйшы брат Кастуся Віктар, які лічыцца ідэйным натхняльнікам нацыянальна-вызвольнага руху ў Беларусі ў другой палове ХІХ ст. Магіла Віктара Каліноўскага была адшукана на свіслацкіх могілках у 1996 годзе гродзенскім журналістам Зміцерам Кісялём і мясцовымі актывістамі дэмакратычнага руху. На магіле быў усталяваны помнік, а месца пахавання добраўпарадкавана. З таго часу адзначэнне Дня памяці паўстанцаў у Свіслачы стала традыцыйным.
Арганізатарамі сёлетніх мерапрыемстваў у Свіслачы выступілі Гарадзенскі Рух “За Свабоду”, Гарадзенская гарадская арганізацыя Партыі БНФ, Гарадзенская абласная арганізацыя БСДГ, Свіслацкае таварыства братоў Каліноўскіх.