У Аргенціне будзе жанчына-прэзідэнт
- 29.10.2007, 9:48
Апазіцыя прызнала сваю паразу на прэзідэнцкіх выбарах у Аргенціне. Пасля апрацоўкі ледзь больш за паловы бюлетэняў Эліса Каррыо, лідэр левацэнтрысцкай групы "Грамадзянская кааліцыя", якая па выніках выбараў стала другой палітычнай сілай у краіне, павіншавала першую лэдзі і сенатара Крысціну Фернандэс з перамогай.
У той самы час, яна адзначыла, што яна і яе прыхільнікі з вялікай перавагай здолелі перамагчы практычна ва ўсіх найбуйнейшых гарадах Аргенціны, уключна сталіцу Буэнас-Айрэс. Аднак сілаў для перамогі па ўсёй краіне апазіцыі відавочна не хапіла. Галоўныя надзеі ўскладаліся на другі тур, у якім шанцы першай лэдзі былі б не гэтак адназначныя.
У выніку Крысціна Фернандэс будзе першай жанчынай у гісторыі краіны, якая ўзначаліла вышэйшую дзяржаўную пасаду шляхам усенароднага галасавання, паведамляе ІТАР-ТАСС.
Да яе Аргенцінай правіла толькі Марыя Эстэла Марцінес (з 1974 па 1976 гады), апошняя жонка прэзідэнта Хуана Дамінга Перона, якая стала кіраўніком дзяржавы ў ліпені 1974 года пасля яго смерці згодна з канстытуцыяй, бо займала пасаду віцэ-прэзідэнта краіны. Аднак праз два гады яна была адхіленая ад улады вайсковым шляхам дзяржаўнага перавароту 24 сакавіка 1976 года. У выніку ў Аргенціне на сем гадоў запанавала дыктатура.
Адной з актуальных праблем, з якой сутыкнецца новы прэзідэнт краіны, з'яўляецца рост цэн і інфляцыя. Крысціна Фернандэс абяцае працягнуць рэформы, пачатыя яе мужам Нестарам Кіршнерам. Па ўсёй бачнасці, яна будзе змагацца з інфляцыяй тымі ж сродкамі, а менавіта шляхам жорсткага кантролю цэн і ўзмоцненага ўмяшання дзяржавы ў эканоміку краіны.