У краіне крызіс перавытворчасці
- 29.10.2007, 10:08
У студзені–верасні 2007 года запасы цукру-пяску на прадпрыемствах Беларусі ў 4,2 разоў перавысілі сярэднемесячны аб'ём вытворчасці прадукцыі, паведамілі ў Міністэрстве статыстыкі і аналізу. У параўнанні з запасамі на 1 верасня 2007 года яны ўзраслі на 32,4%. Усяго за дзевяць месяцаў вырабленае 317,1 тыс. тон, што на 41% менш, чым за адпаведны перыяд мінулага года.
Таксама на складах вялікія запасы кансерваў. Яны на 1 кастрычніка 2007 года склалі 237,2% сярэднемесячнага аб'ёму вытворчасці прадукцыі. У параўнанні з пачаткам года запасы павялічыліся на 5,8%. Сярод запасаў найбольшую колькасць складаюць садавінагародніныя кансервы. Іх назапасілася 69,2 млн. умоўных банак, што ў 4,2 разоў перавышае сярэднемесячны аб'ём вытворчасці, паведамляе БелаПАН.
Аб'ём вытворчасці ў цэлым на прадпрыемствах харчовай прамысловасці ў студзені–верасні 2007 года практычна не змяніўся, затое адбыўся значны рост вытворчасці алкагольных напояў: вінаградных вінаў – у 2,2 разоў і каньяку – у 2,4 разоў. На 20,8% вырасла вытворчасць тытунёвых вырабаў.
Нагадаем, раней паведамлялася, што пры агульным паніжэнні аб'ёмаў вытворчасці тэлевізараў і ровараў, на складах прадпрыемстваў назапасілася прадукцыі, якая ў 3-5 разоў перавышае сярэднемесячны аб'ём вытворчасці.