КДБ не збіраецца вяртаць кампутары
- 29.10.2007, 10:37
Упраўленне КДБ па Гомельскай вобласці адмовілася вяртаць актывісту моладзевага дэмакратычнага руху Андрэю Цянюце кампутар, канфіскаваны ў яго пры ператрусе 17 верасня.
Як паведаміў БелаПАН А.Цянюта, копія пастановы аб адмове паступіла яму 27 кастрычніка. Дакумент падпісаў следчы следчага аддзела УКДБ па Гомельскай вобласці Дзмітрый Седляраў. У ім гаворыцца, што сістэмны блок кампутара агледжаны і прылучаны ў якасці рэчыўнага доказу па крымінальнай справе № 07094320087. Нагадаем, актывіст праходзіць па дадзенай справе ў якасці падазраванага. А.Цянюце інкрымінуецца дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі "Малады Фронт". Па накіраванні следчага 25 кастрычніка актывіст змушаны быў праходзіць 7-гадзіннае псіхіятрычнае абследаванне.
"Вядома, такога адказу я чакаў. Аднак спадзяваўся на спрыяльны вынік. Бо ў сваім хадайніцтве я абавязаўся захоўваць сістэмны блок да развязання маёй справы", – адзначыў А.Цянюта.