Камуністы ўсіх краін злятаюцца ў Менск
2- 29.10.2007, 10:43
Беларусь упершыню прыме ўдзельнікаў Міжнароднай сустрэчы камуністычных і працоўных партый. Форум пад назвай "90-я гадавіна Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Актуальнасць і жыццёвасць яе ідэй. Камуністы ў барацьбе супраць імперыялізму, за сацыялізм" пройдзе ў Менску 3-5 лістапада гэтага года, паведаміла карэспандэнту БелТА першая сакратарка Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі Таццяна Голубева.
Яна адзначыла, што сустрэчы лідэраў і прадстаўнікоў камуністычных і працоўных партый праводзяцца штогод, але Беларусь упершыню «ўдастоеная гэтага гонару». Беларускія і расейскія камуністы накіравалі ў працоўную групу Міжнароднага камуністычнага руху сумесны зварот з просьбай аб правядзенні сустрэчы ў Беларусі і Расеі – подпісы пад дакументам паставілі Таццяна Голубева і старшыня ЦК КПРФ Генадзь Зюганаў.
Як лічыць Таццяна Голубева, вялікі ўплыў на прыняцце рашэння зрабіла тое, што Беларусь – адзіная дзяржава, дзе Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі абвешчаны дзяржаўным святам, у Менску знаходзіцца Дом-музей 1-га з'езду РСДРП.
На цяперашні момант удзел у форуме пацвердзілі дэлегацыі 80 партый з усіх кантынентаў планеты (усяго ў свеце налічваецца больш за 110 камуністычных і працоўных партый). Чакаецца, што агульная колькасць удзельнікаў сустрэчы дасягне блізу 150 чалавек. Сярод іх – Генадзь Зюганаў, лідэры кампартый Украіны і Грэцыі Пётр Сіманенка і Алеку Папарыгу. Прадстаўнічымі абяцаюць быць дэлегацыі кампартый Кітая, Кубы і В'етнама.
На сустрэчы будзе абмяркоўвацца становішча міжнароднага камуністычнага руху, становішча, якая складваецца ў розных рэгіёнах свету. Завершыцца трохдзённая праца прыняццем выніковых дакументаў. Запланаванае таксама ўскладанне кветак да помніка Уладзіміру Леніну, абеліску Перамогі, наведванне прадпрыемстваў.