Міліцэйскія кардоны на дарогах (Фотарэпартаж)
2- 29.10.2007, 16:32
Аўтобус з групай больш за 40 чалавек з ранку 27 кастрычніка накіроўваўся на Гарадзеншчыну ў горад Свіслач – мясціны, звязаныя з жыццём героя Беларусі, кіраўніка паўстання 1863 года Кастуся Каліноўскага. Экскурсія была арганізавана Таварыствам аховы помнікаў. Падчас дарогі людзей двойчы затрымлівалі супрацоўнікі міліцыі. Такія выпадкі здараюцца на дарогах Беларусі рэгулярна – у верасні былі арыштаваныя аўтобусы з беларусамі, якія ехалі на фэст ва Украіну. Напярэдадні кожнай апазіцыйнай акцыі затрымліваюцца аўтобусы і машыны, якія едуць на мерапрыемства з рэгіёнаў.
Калі аўтобус апынуўся ў Дзяржынскім раёне, ён быў спынены супрацоўнікамі ДАІ нібыта за парушэнне хуткасці. Але, насуперак звычайнага ў такім выпадку разбіральніцтва на месцы і штрафу, транспартны сродак разам з пасажырамі ў суправаджэнні двух машын ДАІ накіравалі ў Дзяржынскі РАУС. Аўтобус атачылі каля дзесятка міліцыянераў. Яны не выпускалі людзей на вуліцу, пакуль не былі высветлены асобы ўсіх пасажыраў.
Сярод удзельнікаў вандроўкі аказаліся таксама намеснікі старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч і Юры Хадыка са сваёй сям’ёй, маладзёвы лідэр Алесь Каліта, гісторык Антось Астаповіч, дудар пан Скрыгайла. Людзі, вядомыя сваімі цвердымі палітычнымі перакананнямі, гучна пратэставалі, чым выклікалі лёгкую разгубленасць міліцыянтаў.
Дзеяннямі дзяржынскай міліцыі кіравалі падпалкоўнікі Святаслаў Дарашэвіч і Вадзім Сіняўскі, які прыехаў з Менску. Міліцыя склала спіс прозвішчаў і адрасоў удзельнікаў экскурсіі. Паводле афіцыйнай версіі, у міліцыі было падазрэнне, што нехта з пасажыраў аўтобусу меў намер незаконна перасекчы беларуска-польскую мяжу. Праз тры гадзіны людзям дазволілі працягнуць паездку.
Але, каля гораду Баранавічы аўтобус зноўку спынілі і накіравалі ў Баранавічскае УУС. Цяпер у праваахоўнікаў было падазрэнне, што аўтобус правозіць алкаголь ці наркотыкі. Затрыманне зноў цягнулася амаль тры гадзіны. Пасажыры мусілі пісьмова тлумачыць, што нічога такога не вязуць. Следчы сказаўшы “вы самі разумееце ў якой краіне мы жывём”, пастараўся максімальна спрасціць працэдуру. Але час быў згублены. Па дарозе ў Менск экскурсанты паглядзелі капліцы ў Сталовічах, Вольна і Ішкальдзі.
Вядома таксама, што ў гэты дзень затрымлівалі аўтобус з Гародні, які накіроўваўся ў Свіслач а таксама турыстаў, якія ехалі ў Косава – на радзіму яшчэ аднаго героя Беларусі Тадэвуша Касцюшкі.











