Артур Фінькевіч: новы перасьлед
- 30.10.2007, 11:37
Сёньня ў пракуратуры Кастрычніцкага раёну Магілёва актывісту арганізацыі “Малады фронт” Артуру Фінькевічу могуць прад’явіць абвінавачаньне ў новай крымінальнай справе. Яе распачалі за парушэньне правілаў унутранага распарадку ў спэцкамэндатуры.
Артур Фінькевіч пакараны двума гадамі “хіміі” за графіці палітычнага зьместу – “Дастал!” і “Мы хочам новага!”. Падчас знаходжаньня ў магілёўскай спцэкамэндатуры Артуру зрабілі некалькі спагнаньняў за дробныя парушэньні правілаў ўнутранага распарадку. Цяпер, калі Артуру засталося адбываць пакараньне паўтары месяцы, улады распачалі супраць яго крымінальную справу. Паводле яе маладафронтаўцу могуць замяніць рэжым адбыцьця пакараньня на больш жорсткі – пазбаўленьне волі.
Ня выключана, што Артуру Фінькевічу могуць й падоўжыць тэрмін адбыцьця пакараньня.
Ад 29 чэрвеня 2006 году ён адбывае пакараньне ў Магілёўскай спэцкамэндатуры. Сёлета ў сьнежні палітвязень мае выйсьці на волю.
Нагадаем, што лідэр “Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч быў затрыманы 15 верасня 2006 году і засуджаны на паўтары гады зняволення за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.
14 жніўня 2007 году за адмову сведчыць супраць сваіх сяброў следчымі КДБ на яго была заведзеная другая крымінальная справа -- паводле арт.402 (адмова даваць паказанні).