Аляксандр Атрошчанкаў спрабуе вярнуць скрадзеную міліцыяй маёмасць
6- 30.10.2007, 12:53
Дэмакратычны актывіст Аляксандр Атрошчанкаў звярнуўся ва УУС Цэнтральнага раёна Менска і Пракуратуру Цэнтральнага раёна сталіцы з патрабаваннем вярнуць яму канфіскаваную падчас пазапраўнага ператрусу напярэдадні Еўрапейскага Марша маёмасць, а таксама даць юрыдычную ацэнку пазапраўным дзеянням супрацоўнікаў міліцыі.
Дэмакратычнага актывіста Аляксандра Атрошчанкава арыштавалі ў Менску 9 кастрычніка. Міліцыянты ўварваліся ў кватэру апазіцыянера на другім паверсе (!) праз акно і правялі ператрус. З кватэры была канфіскаваная аргтэхніка, у тым ліку кампутар, інфармацыйныя матэрыялы да Еўрапейскага Марша, сцягі Еўразвяза і беларускі нацыянальны герб «Пагоня», зроблены з гіпсу.
Як паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 Аляксандр Атрошчанкаў, уварваўшыся ў кватэру, міліцыянты заявілі, што ім паступіў ананімны званок пра тое, што там знаходзіцца труп. Аднак, як толькі міліцыянты патрапілі ў кватэру, перш за ўсё яны зацікавіліся кампутарамі.
Ператрус у кватэры апазіцыянера працягваўся тры гадзіны. У кватэру не ўпусцілі жонку Аляксандра Атрошчанкава Дар'ю. Жонцы палітыка таксама не дазволілі перадаць мужу цёплыя рэчы з сабою ў турму.
Пры ператрусе супрацоўнікі міліцыі перавярнулі ў доме ўсё дагары нагамі. Была парэзаная абіўка канапы, зламаная газавая пліта.
На наступны дзень пасля ператрусу актывіста асудзілі на 10 сутак арышту. Міліцыянты, якія пазапраўна ўварваліся ў кватэру, «сведчылі», што затрыманы нібыта «нецэнзурна лаяўся».
«У скарзе я адзначыў, што міліцыянты пазапраўна ўварваліся ў маё жыллё, практычна выкралі маю маёмасць. Іншымі словамі гэта назваць нельга, бо ніякага дакумента, які пацвярджае канфіскацыю маёмасці, мне не выдалі. Я патрабую даць юрыдычную ацэнку пазапраўным дзеянням міліцыянтаў і вярнуць выкрадзеныя рэчы. Таксама я адзначыў, што падчас ператрусу міліцыянты сапсавалі мэблю, парэзалі абіўку канапы, зламалі газавую пліту…», – распавёў Аляксандр Атрошчанкаў прэс-цэнтру Хартыі’97.
На фота: Вось так выглядала кватэра Атрошчанкава пасля міліцэйскага ператрусу.








