9 чэрвеня 2026, aўторак, 8:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На плошчы Перамогі таксама радыяцыя

5

На плошчы Перамогі ў Менску ўзровень радыяцыі ў плітцы, якая пакладзеная на тратуары, яшчэ больш высокі, чым на плошчы Незалежнасьці…

Еўрарадыё знайшло прадпрыемства, на якім выраблялася плітка для плошчы Незалежнасці, а таксама высветліла, што ўкраінскі граніт прайшоў выпрабаванні ў Беларускім інстытуце будматэрыялаў.

Кіраўнік “Дырэкцыі па рэканструкцыі плошчы Незалежнасці” Павел Улашчанка, пры якім укладвалася радыеактыўная плітка на галоўнай плошчы сталіцы, звольніўся яшчэ ў сакавіку.

Верагодна, яго сыход не звязаны са скандалам вакол пліткі, таму што першы замер адбыўся толькі ў траўні. Цяпер арганізацыю ўзначальвае Аляксандр Трыфанаў. Паводле яго слоў, “Дырэкцыя” не мае дачынення да пліткі.

“Дырэкцыя ўсяго толькі аплачвала граніт. Як заказчык, мы аплачвалі работы і ажыццяўлялі тэхнічны нагляд за будаўніцтвам. Пастаўляла плітку зусім іншая арганізацыя — прадпрыемства “Белгран”, а тэндэр праводзіў тэндэрны цэнтр. Нейкі фон ёсць, праводзілася праверка, былі ўзятыя пробы. Канчатковае рашэнне будзе прынята пазней у выканкаме”.

Па словах Аляксандра Трыфанава, плітка прайшла сертыфікацыю ў Беларускім навукова-даследчым інстытуце будаўнічых матэрыялаў, а таксама мела неабходную дакументацыю з Украіны.

Паводле пашпарту, плітка, згодна з радыеактыўным фонам, адносіцца да другога класа. Яе выкарыстанне дазваляецца ў горадзе.

Еўрарадыё звярнулася да галоўнага інжынера прадпрыемства “Белгран” Леаніда Цыганкова. Ён пацвердзіў, што на граніт ёсць уся дакументацыя з Украіны, а таксама вынікі выпрабаванняў у Інстытуце будматэрыялаў.

Паводле яго слоў, у Беларусі было выраблена толькі 125 кубаметраў пліткі, астатнюю частку прывезлі з Украіны ў гатовым выглядзе.

“Усе паказчыкі, якія былі нам прадастаўлены, яны адпавядалі другому класу па радыелагічнай актыўнасці ў межах 680 бекерэляў. Самі мы праводзім выпрабаванні толькі па фізіка-тэхнічных паказчыках: трываласць, водапаглынанне, на ўдары і гэтак далей”, -- паведаміў чыноўнік.

Цыганкоў адзначыў, што другі клас граніту не рэкамендуецца ўкладаць у памяшканнях, а на адкрытым паветры дазваляецца.

“Сертыфікат выдадзены фірмай “Біютага” з Днепрапятроўску, бо менавіта там знаходзіцца Токаўскае радовішча, адкуль пастаўляўся граніт.

У сертыфікаце напісана, што згодна з метадам гамаспектраметрыі граніт адносіцца да другога класу. Па ўсіх паказчыках таксама стаіць “другі клас”. Таксама ёсць “Пашпарт радыяцыйнай якасці сыравіны і будаўнічага матэрыялу”, падпісаны галоўным лекарам Днепрапятроўскай вобласці.

Тут напісана: граніт токаўскі, клас радыеактыўнасці другі. Далей распісана ўтрыманне радыеактыўных рэчываў: торый-232 — менш за 400 бекерэляў на кілаграм, радый-226 — менш за 170 Бк/кг, калій-40 — менш за 1,5 тысячы Бк/кг, агульная эфектыўнасць — менш за 730 Бк/кг”, -- сказаў Леанід Цвыганкоў.

Аднак, згодна з пратаколам выпрабаванняў аддзела радыяцыйнай бяспекі і аховы працы Інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў “Сосны”, тратуарная плітка на плошчы Незалежнасці, валодае эфектыўнасцю 1060 Бк/кг, што на 330 Бк/кг перавышае ўзровень, пазначаны ва ўкраінскім пашпарце.

Згодна з Дзяржаўным стандартам 30108 — 94, будаўнічыя матэрыялы, удзельная эфектыўная актыўнасць прыродных радыенуклідаў якіх знаходзіцца ў межах ад 740 да 1350 Бк/кг, адносяцца да будаўнічых матэрыялаў трэцяга класа.

Паводле гэтага ж ДАСТу, такой пліткай можна ўкладаць дарогі па-за межамі населеных пунктаў. Аднак, як прызнаўся галоўны інжынер Белграна, трэці клас усё ж такі выкарыстоўваецца ў Мінску.

“Трэці клас — гэта граніт з Янцаўскага радовішча. Такая плітка ляжыць на плошчы Перамогі”, -- сказаў чыноўнік.

На пытанне, чаму на плошчы Незалежнасці з’явіўся менавіта гэты граніт, Леанід Цыганкоў адказаў, што такой была замова праекціроўшчыкаў, якія канкрэтна запыталі токаўскі граніт. Згодна з гэтай замовай, “Белгран” яго і набываў.

Цыганкоў таксама паведаміў, што на гэты момант усе дакументы, звязаныя з пліткай на плошчы Незалежнасці, забраныя пракуратурай, дзе праходзяць праверку. На жаль, у пракуратуры адмовіліся каментаваць, на якім этапе знаходзіцца справа аб радыеактыўнай плітцы ў цэнтры горада.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках