Улады бяссільныя перад ростам цэн
3- 12.11.2007, 10:07
Дэфіцыт і рэзкае падаражанне алею, забарона на вываз свініны, перабоі ў рознічнай сетцы з некаторымі малочнымі прадуктамі, «яечны» крызіс у паўднёвых абласцях краіны – усё гэта павінна наводзіць на шэраговага беларускага спажыўца трывожныя сумненні з нагоды непахіснасці гарантаванай яму Аляксандрам Лукашэнкам «скваркі».
А прадстаўнікам улады, якія ўжо прымяралі агульныя негатыўныя тэндэнцыі на сусветным харчовым рынку да беларускай рэчаіснасці, давядзецца накіроўваць свае намаганні на пошук ахоўных механізмаў ад дэфіцытаў і скокаў цэн на прадукты харчавання. Гэтым, у прыватнасці, зоймецца тэрмінова створаная на мінулым тыдні пастаянная ўрадавая камісія па рэгуляванні рынку асобных відаў сельгаспрадукцыі, піша «Ежедневник».
Гэта лепшае, што на дадзены момант мог прапанаваць урад у адказ на пагрозу харчовага дэфіцыту. Нарэшце частка службоўцаў зразумела, што ад тупой прапаганды таго, што ў нас усё добра, ад таго, што насельніцтву ўвесь час кажуць «халва», у роту салодка не становіцца.
Праўда, цяжка ўявіць, што ва ўмовах глабалізацыі рынкаў і празрыстасці мяжы з Расеяй можа ў выніку прапанаваць камісія, акрамя спроб адміністрацыйным шляхам забараняць і пераразмяркоўваць харчовыя патокі і рэгуляваць цэны на асобныя віды прадукцыі. У незалежных экспертаў да таго ж ёсць сумненні ў тым, што такія меры могуць быць эфектыўнымі.
На цэны на некаторыя віды тавараў, у прыватнасці, на алей, уладам проста не атрымаецца сур'ёзна ўплываць. Гэта абумоўленае тым, што ў асноўным алей і сыравіна для яго вырабу імпартуецца краінай. У гэтым годзе, напрыклад, уласная вытворчасць гэтага важнага прадукту складзе 45 тыс. тон (амаль напалову ён таксама будзе выпрацаваны з імпартнай сыравіны), а імпарт – 132 тыс. тон.
У той самы час, адзначаюць эксперты, паўнамоцтвы, якія нададзеная «продразвёрстачнай» камісіі, могуць апынуцца эфектыўнымі ў спыненні «харчовага сепаратызму» мясцовых улад. Не сакрэт, што і да сённяшняй сітуацыі мясцовыя ўлады нярэдка грашылі тым, што спрабавалі самастойна размяркоўваць таварныя патокі ў рамках даручаных ім абласцей і раёнаў.
Эксперты прагназуюць, што цяпер гэтая праблема яшчэ больш абвострыцца: міліцэйскія кардоны стануць кантраляваць рух харчовых тавараў не толькі праз знешнія межы краіны, але і праз межы асобных абласцей.