9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Санкцыі супраць «Белнафтахіму» - гэта толькі першы крок

13 лістапада Злучаныя Штаты ўвялі фінансавыя санкцыі супраць канцэрну “Белнафтахім”. Усе актывы гэтай кампаніі, якія будуць знойдзеныя ў Злучаных Штатах, павінны быць замарожаныя. Ці паўплывае гэты крок на паводзіны беларускіх уладаў? Наколькі ўзгодненая палітыка ЗША і Эўразьвязу ў дачыненьні Беларусі? На гэтыя пытаньні Віталя Цыганкова ў эфіры “Радыё Свабода” адказвае экспэрт у міжнародных дачыненьнях Андрэй Фёдараў.

- Наколькі можа быць выніковым гэты крок амэрыканскага кіраўніцтва? Ці можа гэта зьмяніць палітычныя паводзіны афіцыйнага Менску?

- У палітычнай сфэры, безумоўна, будзе вялікае раздражненьне з беларускага боку, крытыка і гэтак далей. Я не выключаю, што гэта толькі папярэднія крокі з боку ЗША, і Вашынгтон тым самым паказвае, што можа зрабіць нешта больш уплывовае і непрыемнае для беларускага боку.

Аднак пакуль цяжка казаць, наколькі гэта эканамічна істотна для Беларусі. Бо ў нас з ЗША эканамічныя адносіны ня надта вялікія. Сыходзячы з гэтага боку, можна меркаваць, што непасрэдныя эканамічныя наступствы будуць ня надта істотныя

- Прадстаўнікі эўрапейскіх структураў усё часьцей прыяжджаюць у Беларусь, усё гучней ідуць размовы пра нейкія перамовы паміж беларускім кіраўніцтвам і эўрапейцамі, а ЗША даволі пасьлядоўна ідзе ў больш канфрантацыйным рэчышчы, прымяняючы санкцыі. Ці можна гаварыць, што палітыка ЗША і Эўразьвязу да афіцыйнага Менску адрозьніваецца, і не зьяўляецца ўзгодненай?

- Я б не сказаў, што гэтая палітыка адрозьніваецца. Можам нагадаць, што Эўразьвяз улетку таксама ўвёў санкцыі ў сувязі з парушэньнем Менскам правоў прафсаюзаў. Аб вялікім разыходжаньні не выпадае казаць, тым не менш пэўная розьніца назіраецца.

Я не выключаю, што паміж ЗША і Эўразьвязам ідзе пэўны падзел функцыяў - “добры паліцэйскі” і “злы паліцэйскі”. Магчыма, Менску жадаюць паказаць, што калі ён будзе паводзіць сабе такім-та чынам - яму будзе добра, калі не - то і эўрапейскі бок пераключыцца на канфрантацыйны тып паводзінаў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках