9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейцы скупляюць страхавыя кампаніі Беларусі

Услед за расейскім банкаўскім капіталам, які атрымаў пад свой кантроль у гэтым годзе ў Беларусі два банкі («Белзнешэканамбанк» і «Славнефтебанк»), сур'ёзную зацікаўленасць у набыцці на мясцовым рынку актываў выказваюць расейскія страхавальнікі.

У завяршальнай стадыі знаходзіцца пагадненне па куплі кантрольнага пакета найстарэйшай беларускай страхавой кампаніі ЗАТ «СК «Альвена» расейскай групай «РЕСО-Гарантия». У рэйтынгу беларускіх страхавых арганізацый на пачатак гэтага года «Альвена» займала 9-е месца. Разам з тым расейцы (у гэтым выпадку назва кампаніі пакуль з'яўляецца камерцыйнай тайнай) прэтэндуюць на куплю паловы акцый найбуйнейшай прыватнай страхавой кампаніі Беларусі ААСТ «Бі энд Бі іншурэнс Ко». «Бі энд Бі іншурэнс» на пачатак 2007 года займала ў страхавым рэйтынгу 2-е месца, саступаючы па асноўных паказчыках толькі дзяржаўнаму монстру – «Белдзяржстраху», паведамляе «Завтра твоей страны».

Паводле прагнозаў экспертаў, неўзабаве варта чакаць інфармацыі пра іншыя пагадненні ў прыватным страхавым сектары краіны з удзелам замежнага і, найперш, расейскага капіталу. Гэта абумоўленае магчымымі змяненнямі на страхавым рынку Беларусі, якія прадугледжваюць стварэнне спрыяльных умоў для прыцягнення ў яе замежных інвестыцый.

У прыватнасці, прапаноўваецца дазволіць прыватным страхавым кампаніям здзяйсняць абавязковае страхаванне, якое з пачатку 2000 года цалкам знаходзіцца ў руках дзяржаўных або напалову дзяржаўных кампаній. Адначасова плануецца павялічыць квоту замежных інвестараў у статутных фондах усіх страхавых арганізацый з цяперашніх 30% да 50%. Важным змяненнем, якое можа прыцягнуць патэнцыйных інвестараў у беларускае страхаванне, можа стаць пашырэнне магчымых форм абавязковага і добраахвотнага страхавання, а таксама рэфармаванне сістэмы пенсійнага забеспячэння.

Зрэшты, адзначаюць эксперты «Завтра твоей страны», выбар патэнцыйных інвестараў у прыватным сегменце беларускага страхавога рынку абмежаваны. У першую дзесятку найбуйнейшых страхавых структур Беларусі ўваходзяць толькі тры цалкам прыватныя арганізацыі: якія згадваліся вышэй «Бі энд Бі іншурэнс» і «Альвена», а таксама ЗАСТ «Броллі», чый пакет акцый ужо належыць расейцамі (той жа «РЕСО-Гарантия»). Прыватныя страхавыя арганізацыі з другой дзесяткі (усяго на страхавым рынку Беларусі дзейнічае 19 кампаній), за выключэннем «Купалы» (яе саўладальнікам з'яўляецца аўстрыйскі страхавальнік), не ўяўляюць вялікай цікавасці для інвестараў з прычыны невялікай долі на рынку. Ёсць, вядома, варыянт, што інвестары могуць зрабіць прапановы па некаторых дзяржаўных і напалову дзяржаўных кампаніях. Якая будзе рэакцыя ўлад, пакуль сказаць складана.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках