9 чэрвеня 2026, aўторак, 7:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пры невыкананні рэкамендацый МАП - санкцыі ўзмоцняцца

1
Пры невыкананні рэкамендацый МАП - санкцыі ўзмоцняцца

Даклад аб выкананні Беларуссю рэкамендацый Міжнароднай арганізацыі працы быў заслуханы ўчора ў Жэневе. Пытанне стаяла жорстка: пры невыкананні рэкамендацый – санкцыі ўзмацняюцца.

Адміністрацыйны Савет прыняў рашэнне, што разгляд сітуацыі ў нашай краіне працягнецца ў сакавіку 2008 года. Аднак, як заявіў прэс-цэнтру Хартыі’97 лідэр Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук, было заяўленае, што пры невыкананні рэкамендацый МАП – санкцыі ўзмацняюцца. Праз парушэнні правоў прафсаюзаў рэжым Лукашэнкі ўжо пазбавілі прэферэнцый ЕЗ.

Як вы паставіліся да рашэння перанесці разгляд беларускага пытання на сакавік 2008 года?

– З майго пункту гледжання, несумнеўна важным з'яўляецца тое, што ў сакавіку наступнага года на пасяджэнні Адміністрацыйнага савета МАП будзе заслухоўвацца інфармацыя пра выкананне беларускім урадам рэкамендацый арганізацыі. Пры тым, што гэтая працэдура ператварылася ў «доўгаіграючую пласцінку», у гэтым ёсць нейкі пазітыў, у тым, што, прынамсі, самыя блізкія месяцы мы будзем мець магчымасць дзейнічаць. Для нас відавочна, што ўрад сапраўды турбуе праблема ўзаемінаў з МАП, а такім чынам і з Еўрапейскім Звязам.

Вы кажаце, што ўлады хвалююцца. Сітуацыя з прафсаюзамі праз гэта змяняецца?

– Не адбылося галоўнага. Не прыняты закон аб прафсаюзах, які, дарэчы, для афіцыйнай Федэрацыі прафсаюзаў небяспечны не менш чым для нас, калі мець на ўвазе тое, што калі-небудзь частка ФПБ можа захацець іграць самастойную ролю. У дадзеным выпадку прафсаюзы ўмалёўваюцца ў вельмі жорсткую палітычную сістэму краіны, якая характарызуецца сур'ёзным кантролем з боку органаў улады, уключна мясцовыя адміністрацыі.

Не прымаецца гэты закон, відавочна, па адной прычыне – улады насамрэч асцерагаюцца магчымых сур'ёзных ускладненняў Міжнароднай арганізацыі працы. Яны, верагодна, разумеюць: калі знішчэнне незалежных прафсаюзаў будзе працягвацца, то нельга выключаць і наступных крокаў з боку Еўразвяза, якія могуць выліцца ў яшчэ больш сур'ёзныя эканамічныя санкцыі.

А якая сітуацыя на дзяржпрадпрыемствах з незалежнымі прафсаюзамі?

– Яна неадназначная. Ёсць арганізацыі, якія падвяргаюцца пастаяннаму ціску – гэта арганізацыя ААТ «Гродна-Азот», арганізацыя Незалежнага прафсаюза ААТ «Палімір». Мы лічым, што ў такой сітуацыі, калі можна казаць пра зацікаўленасць у нармалізацыі стасункаў з МАП, гэта выглядае чыстай вады правакацыяй. Разам з тым, я хачу сказаць, што на шэрагу прадпрыемстваў у нас цалкам нармальныя стасункі з кіраўніцтвам. У якасці прыкладу магу прывесці Незалежны прафсаюз гарнякоў у Салігорску, арганізацыю Незалежнага прафсаюза на Мазырскім НПЗ. Больш за тое, сёлета нам атрымалася скласці 12 калектыўных дамоў, хоць летась былі складзеныя 10.

Адгэтуль вынікае, што ў наступным годзе, пры захаванні правоў прафсаюзаў, Беларусі могуць вярнуць прэферэнцыі Еўразвяза?

– Гэтыя рэчы звязаныя паміж сабою апасродкавана. Працэдура разгляду пытанняў аб парушэнні правоў прафсаюзаў у МАП і лёс прэферэнцый наўпрост не звязаныя. Іншая справа, што Еўразвяз і Еўракамісія пры прыняцці сваіх рашэнняў, найперш, арыентуецца на меркаванне МАП. Калі ў самыя блізкія месяцы не будуць выконвацца рэкамендацыі МАП і пачнецца чарговая хваля рэпрэсій, ціскі на незалежныя прафсаюзы, то Адміністрацыйны савет МАП можа прыняць любое рашэнне. У тым ліку і па ўзбуджэнні працэдуры, прадугледжанай параграфам 33 статуту МАП, які абвяшчае: «МАП звяртаецца да ўрадаў краін міжнароднай супольнасці спыніць усякія стасункі з урадам дадзенай краіны».

Гэта значыць, гаворка ідзе пра поўную міжнародную ізаляцыю. Дарэчы, магчымасць прыняцця такога рашэння не выключалася на цяперашнім пасяджэнні Адміністрацыйнага савета, які адбыўся ўчора. Наш урад так і не даў пэўнага адказу: ці мае намер ён выконваць рэкамендацыі МАП або не мае намеру. Што будзе ў сакавіку, залежыць ад канструктыўнасці пазіцыі беларускага ўрада. Калі ён будзе рабіць хоць невялічкія крокі па выкананні рэкамендацый, гэта будзе адна сітуацыя. Калі гэта будзе поўнае ігнараванне выканання рэкамендацый, і будзе прымацца закон аб прафсаюзах у такім адыёзным варыянце, гэта будзе прамой перадумовай да таго, каб Адміністрацыйны савет прымаў самыя жорсткія рашэнні па Беларусі, і, як следства ўсяго гэтага, будзе станавіцца больш жорсткай і пазіцыя Еўрапейскага Звязу.

P.S. Дарэчы, сёння лідэр Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук адзначае дзень нараджэнні. Віншуем!

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках