У беларускага ўрада вялікія праблемы
6- 19.11.2007, 11:08
Санкцыі Міністэрства фінансаў ЗША могуць быць распаўсюджаныя на прадпрыемствы, якія ўваходзяць у склад канцэрна «Белнафтахім». Такое меркаванне агенцтву ПРАЙМ-ТАСС выказаў эксперт адной з беларускіх кансалтынгавых кампаній. «Па заканадаўстве ЗША і ЕЗ статус матчынай кампаніі вызначаецца магчымасцю кантраляваць іншыя кампаніі. «Белнафтахім» цалкам адпавядае такому статусу», – адзначыў эксперт, нагадаўшы, што згодна з сваім статутам, зацверджаным пастановай урада № 788 26 чэрвеня 1997 года, канцэрн кіруе акцыямі (долямі) суб'ектаў гаспадарання, якія належаць дзяржаве і якія перададзеныя яму, прызначае прадстаўнікоў дзяржавы ў іх органах кіравання і забяспечвае кантроль над іх дзейнасцю.
«Такім чынам, з пункту гледжання замежнага (у тым ліку амерыканскага) карпаратыўнага права, усе беларускія прадпрыемствы (уключаючы як унітарныя, так і ААТ), якія падпарадкаваныя «Белнафтахіму», з'яўляюцца яго даччынымі кампаніямі», – аргументаваў ён.
«У сувязі з гэтым санкцыі, якія ўводзяць ЗША могуць закрануць усе гэтыя прадпрыемствы. Пры гэтым найбольш балючым для іх можа апынуцца зрыў паставак унікальнага абсталявання, якое закупляецца ў ЗША або іншых краінах, плацяжы па якіх праходзяць праз філіяльную сетку, кантраляваную амерыканскімі банкамі. А таксама – парушэнні ў разліках за пастаўленую беларускімі прадпрыемствамі прадукцыю, не толькі ў ЗША, але і ў іншыя краіны, дзе разлікі праводзяцца праз такія банкі» , – падкрэсліў эксперт.
Суразмоўца агенцтва таксама адзначыў, што цяпер знаходзяцца пад пагрозай праграмы развіцця прадпрыемстваў, якія прадугледжваюць пашырэнне паставак у ЗША (напрыклад, шкловалакно вытворчасці ААТ «Полацк–Шкловалакно»).
13 лістапада адміністрацыя Джорджа Буша замарозіла рахункі беларускага дзяржаўнага канцэрна "Белнафтахім". Прычынай гэтага амерыканскія ўлады назвалі тое, што канцэрн кантралюецца Аляксандрам Лукашэнкам. Уведзеныя міністэрствам фінансаў ЗША санкцыі тычацца ўсіх прадстаўніцтваў "Белнафтахіма" ў Нямеччыне, Украіне, Латвіі, Расеі і Кітаі, а таксама амерыканскага даччынага падраздзялення канцэрна Belneftekhim USA. Як вядома, ЗША патрабуюць спыніць рэпрэсіі ў Беларусі і вызваліць палітвязняў.
«Пакуль не будуць вызваленыя палітвязні, ЗША будуць прымаць санкцыі», – заявіў намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па еўрапейскіх і еўразійскіх пытаннях Дэвід Крэмер.