У лістападзе даражэлі мяса, хлеб, малочныя прадукты
1- 20.11.2007, 8:35
Больш за ўсё ў лістападзе ў Беларусі падаражэлі хлеб, малако, кефір, ялавічына, свініна, тварог, смятана, ёгурты, макароны, сыр, маянэз, кава.
Вырасла цана на свініну і макароны. За абодва прадукты пакупнікам давялося заплаціць на 100 рублёў больш, чым у мінулым месяцы. І калі макароны ў цане раслі ўсяго некалькі раз за год, то з падаражаннем мясной групы спажыўцы сутыкаюцца амаль кожны месяц. Прычым расце цана як у крамах, так і на рынках, паведамляе «КП в Беларуси».
На другім месцы малочныя прадукты. Хутчэй за ўсё даражэла смятана. Сёння пакет смятаны абыходзіцца на 70 рублёў даражэй. Гэтаксама падаражэў і кефір. Расейскія ёгурты падаражэлі адразу на 60 рублёў за маленькі слоічак. Да таго ж, як ні імкнецца ўрад змагацца з дэфіцытам, пакупнікі ўсё-ткі сутыкаюцца з цяжкасцямі ў выбары. Вось і журналісты, як прыйшлі на кантрольны закуп, не паспелі купіць малако ў літровым тэтра-паку, які набывалі цэлы год без праблем. Давялося замяніць яго двума паўлітровымі пакетамі. У выніку атрымалася на 230 рублёў даражэй, чым у мінулы месяц. Калі такое змяненне ў сваім спісе пакупак гаспадыня будзе рабіць кожны вечар, то за месяц набяжыць амаль 7 тысяч «зайчыкаў». А гэта ўжо паўкіло мяса або сыра.
Замыкае тройку «лідэраў» ялавічына. Яна стала даражэйшай на 50 рублёў за кіло. Традыцыйна вырас у цане хлеб.