Velcom афіцыйна перайшоў да аўстрыйцаў
4- 20.11.2007, 11:44
Кампанія Mobilkom Austria Grouр завяршыла пагадненне па набыцці кантрольнага пакета акцый беларускага аператара мабільнай сувязі Velcom, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску генеральны дырэктар кампаніі Telekom Austria Group Барыс Немшыч.
"Набыццё другога па велічыні мабільнага аператара на рынку Беларусі з'яўляецца выдатным прыкладам выдатнай прыватызацыі, а таксама эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Аўстрыяй", – падкрэсліў Б.Немшыч.
Ён выказаў надзею, што Telekom Austria Group і Velcom стануць паспяхова супрацоўнічаць. Б.Немшыч падкрэсліў, што дэвізам гэтага супрацоўніцтва стане: "Думай на глабальным узроўні, дзейнічай на лакальным".
Паводле яго слоў, дзякуючы пагадненню адбылося "аптымальнае спалучэнне дзвюх сістэм, мясцовых ведаў і міжнароднага досведу". Б.Немшыч лічыць, што гэта прывядзе "да бяспройгрышнай сітуацыі для беларускіх абанентаў і эканомікі". "Беларускія спецыялісты кіравалі кампаніяй вельмі паспяхова зрабілі Velcom важным гульцом на рынку. Я упэўнены, што з дапамогай нашых вельмі дасведчаных топ-мэнэджэраў з Mobilkom Austria, Velcom укарэніць яшчэ больш міжнародных стандартаў, найноўшых тэхналогій і паслуг", – падкрэсліў Б.Немшыч.
Пры гэтым ён адзначыў, што "шчаслівы, што ў нашу сям'ю ўступіў Velcom. Беларусь самая вялікая па тэрыторыі краіна, дзе працуе Mobilkom Austria". "Velcom выдатна ўпішацца ў нашу групу, і гэта з'яўляецца асноўнай нашай мэтай", – падкрэсліў ён.