«Платнікаў» таксама будуць размяркоўваць?
5- 20.11.2007, 14:19
Механізм абавязковага размеркавання маладых спецыялістаў у самай блізкай будучыні змяняцца не будзе. Адзіная рэмарка, якая, магчыма, з'явіцца ў адпаведным законе, дазволіць дзяржаве ўпэўнена вызначаць далейшы лёс студэнтаў-«платнікаў».
Пра абавязковае размеркаванне выпускнікоў пазабюджэтных аддзяленняў гаворкі пакуль не ідзе. Такое меркаванне выказаў «Ежедневнику» намеснік міністра адукацыі Казімір ФАРЫНА. Намеснік кіраўніка Міністэрства адукацыі толькі падкрэсліў існаванне магчымасці падавання першага працоўнага месца студэнтам «камерцыйных» аддзяленняў ВНУ.
«Пазіцыя Міністэрства адносна абавязковага размеркавання вызначаная ўказам кіраўніка дзяржавы. Я лічу, што на дадзены момант пазіцыя правільная: размяркоўваць спецыялістаў трэба. Але ёсць факты, што маладыя людзі, якія атрымалі адукацыю на платнай аснове, гэтаксама, як і «бюджэтнікі», хацелі б атрымаць размеркаванне і гарантаванае першае працоўнае месца. Гэтае жаданне зразумелае, бо размеркаваны спецыяліст карыстаецца пэўнымі ільготамі ў плане атрымання крэдыту на жыллё, працягвае сваю творчую дзейнасць.
У абавязковым парадку ўводзіць размеркаванне для «платнікаў» мы не будзем. Калі ёсць вакансія, Міністэрства адукацыі можа даць вышэйшай навучальнай установе права размеркаваць маладога спецыяліста, які навучаўся на платнай аснове. Але ў абавязковым парадку мы размяркоўваем толькі тых спецыялістаў, якія навучаліся за кошт сродкаў дзяржаўнага бюджэту», – адзначыў К.Фарына.
Каментуючы спрэчкі вакол не адпаведнасці асобных норм абавязковага размеркавання студэнтаў Канстытуцыі Беларусі, Казімір Фарына адзначыў, што «сістэма размеркавання працуе, і пакуль яна мяняцца не будзе. Па сістэме адукацыі да сваіх першых працоўных месцаў не даязджалі адзінкі. Мы лічым, што ў цяперашніх сацыяльна-эканамічных умовах размеркаванне павінна быць. Малады чалавек, які навучаўся за кошт дзяржавы, павінен адпрацаваць пэўны перыяд часу».
Таму, на думку прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, чакаць ад Канстытуцыйнага суду рэвалюцыйных рашэнняў у дачыненні асобных нормаў абавязковага размеркавання маладых спецыялістаў, па меншай меры, глупства. Нягледзячы на тое, што довады праваабаронцаў выглядаюць цалкам лагічнымі, службоўцы пакуль схільныя кіравацца дзяржаўнымі, палітычнымі і эканамічнымі інтарэсамі краіны.