9 чэрвеня 2026, aўторак, 14:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улада не прызнае Курапаты

5

У Міністэрстве культуры лічаць, што памятныя знакі, пабудаваныя грамадскасцю ў Курапатах, не з'яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

Пра гэта гаворыцца ў адказе Мінкульта на ліст грамадскасці ў сувязі з апошнімі актамі вандалізму ва ўрочышчы Курапаты, якое занесенае ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь як месца пахавання ахвяр палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў.

У лісце, падпісаным намеснікам міністра культуры Уладзімірам Грыдзюшкам, даецца спасылка на другі пункт артыкула 20 закона "Аб абароне гісторыка-культурнай спадчыны". Паводле яго мемарыяльныя знакі, усталяваныя грамадскасцю ва ўрочышча, не могуць быць занесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

У інтэрв'ю БелаПАН старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (БДТАПГК) Антось Астаповіч адзначыў, што згодна з пазіцыяй Мінкульта не павінны ахоўвацца дзяржавай усе памятныя знакі, пабудаваныя ў Курапатах грамадскасцю, у тым ліку Крыж пакут і лава Клінтана. "Такім чынам, на тэрыторыі, якая знаходзіцца пад аховай дзяржавы, можна рабіць усё што заўгодна, пры адсутнасці прававых механізмаў, якія маглі б гэтаму перашкодзіць", – падкрэсліў А.Астаповіч.

Ён лічыць, што службоўцы павінны кіравацца не толькі артыкуламі закона, але і маральнымі нормамі. "Бо ненармальнай з'яўляецца сітуацыя, пры якой народны мемарыял у Курапатах можа быць беспакарана пашкоджаны", – адзначыў А.Астаповіч.

Нагадаем, у сувязі з апошнімі актамі вандалізму ў Курапатах грамадскі аргкамітэт па ўвекавечанні памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій накіраваў адкрыты зварот у Адміністрацыю прэзідэнта, Генеральную пракуратуру, МУС, КДБ, Мінкульт і Менгарвыканкам. У дакуменце, падпісаным сустаршынямі аргкамітэта, старшынямі БДТАПГК і АТ "Хрысціянская злучнасць "Курапаты", змешчаны шэраг патрабаванняў да ўлад. Сярод іх – забеспячэнне аховы Курапатаў, правядзенне грунтоўнага расследавання актаў вандалізму ва ўрочышчы з прыцягненнем вінаватых да крымінальнай адказнасці, а таксама ўключэнне ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў шэрагу памятных знакаў, пабудаваных грамадскасцю ў Курапатах.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках