9 чэрвеня 2026, aўторак, 7:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Годнасьць не абаранілі, але міліцыянтаў выхавалі

1

Калегія Магілёўскага абласнога суду не задаволіла касацыйнай скаргі грамадзкіх актывістаў Аляксандра Каралёва, Аляксея Паўлоўскага і Юр’я Дарашэнкі. Яны спрабавалі адмяніць пастанову Ленінскага суду Магілёва, які раней не задаволіў іхнага пазову пра абарону гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі, паведамляе “Радыё Свабода”.

Калегія абласнога суду пад старшынствам Сьвятланы Стэльмаковай прызнала пастанову Ленінскага суду законнай і правамоцнай.

Юрыст незалежнага Прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксандар Каралёў адразу пасьля суду паведаміў, што іншага выраку і не чакаў. “Мы працягнем абараняць свае гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю ў судах вышэйшай інстанцыі — і дойдзем, калі спатрэбіцца, да камітэту ААН у правах чалавека.

Мы аднак упэўненыя, што міліцыянты, якія спачатку нас незаконна затрымалі, а потым публічна ў судзе абразілі, адносна іншых будуць больш абачлівымі ў выбары словаў і дзеяньняў. І гэта мы лічым нашым посьпехам”, — зазначыў Аляксандар Каралёў.

Нагадаем, 9 кастрычніка грамадзкія актывісты Аляксандар Каралёў, Аляксей Паўлоўскі і Юры Дарашэнка праз суд спрабавалі прыцягнуць да адказнасьці міліцыянтаў Яўгена Жылінскага, Аляксандра Сыраежкіна ды Тацяну Мартынаву.

Пазоўнікі вінавацілі супрацоўнікаў праваахоўных органаў у зьнявазе гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі.

6 кастрычніка міліцыянты падчас судовага разьбіральніцтва заявілі, што актывісты пагражалі ім фізычнай расправай.

Судзьдзя Ленінскага суду Валянціна Лапаціна палічыла прэтэнзіі грамадзкіх актывістаў да міліцыянтаў беспадстаўнымі й адмовілася задаволіць пазоў.

У красавіку 2007 году грамадзкія актывісты ўжо намагаліся праз суд абвінаваціць міліцыянтаў у спробе сарваць паездку на ўстаноўчую канфэрэнцыю Саюзу левых партыяў Беларусі. Тады судзьдзя Сьвятлана Бурака прэтэнзіі актывістаў таксама прызнала беспадстаўнымі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках