9 чэрвеня 2026, aўторак, 14:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бундэстаг не гатовы да паніжэння кошту віз для беларусаў

Бундэстаг працягвае абмяркоўваць шляхі паніжэння кошту віз для асобных катэгорый беларускіх грамадзян. Аднак абмеркаванне ў асобных камітэтах праектаў, прапанаваных чатырма з пяці фракцый Бундэстага, паказвае, што большасць падтрымае праект, які рэкамендуе пакінуць рашэнне кошту візы за консулам.

Увесну і ўлетку 2007 года фракцыя «Саюз 90/Зялёныя» пачала кансультацыі з дэпутатамі розных партый аб занясенні на разгляд урада Нямеччыны прапановы аб паніжэнні консульскага збору для беларусаў. У выніку, дэпутаты не здолелі дамовіцца, і ў ліпені парламентам былі зарэгістраваныя два праекты, нагадваюць «Белорусские новости».

Праект фракцый Зялёных і Свабоднай дэмакратычнай партыі прадугледжвае зрабіць візы для грамадзян Беларусі маладзейшых за 26 гадоў бясплатнымі, а таксама адмяніць візавы збор з сябраў праваабарончых арганізацый і тых, хто едзе ў ФРГ у рамках культурных і навуковых абменаў. Акрамя таго, прапаноўваецца знізіць кошт віз для насельніцтва з нізкім узроўнем прыбыткаў з 60 да 35 еўра.

Праект фракцый кіроўнай кааліцыі – Хрысціянска-дэмакратычнага саюза/Хрысціянска-сацыяльнага саюза і Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны, прапаноўвае пры выдачы бясплатных віз надаваць адмысловую ўвагу моладзі да 26 гадоў, сябрам праваабарончых і рэлігійных арганізацый і тым, хто выязджае ў рамках культурных і навуковых абменаў. Фактычна, пытанне падавання бясплатных віз пакідаюць нямецкаму консулу ў Менску для самастойнага рашэння. Пры гэтым гэтыя фракцыі не лічаць неабходным паніжэнне консульскага збору для маламаёмасных.

Падчас дэбатаў у рамках камітэтаў высветлілася, што абсалютная большасць дэпутатаў падтрымлівае другі праект, які мала што абяцае беларусам. Праўда, гэтая абсалютная большасць складаецца з прадстаўнікоў фракцый кіроўнай кааліцыі, якая ў парламенце займае 446 месцаў з 611, у той час як фракцыя Зялёных налічвае 51 дэпутата, фракцыя Свабоднай дэмакратычнай партыі – 61, Левых – 53.

Варта адзначыць, што першы, больш смелы, праект падтрымалі прадстаўнікі фактычна ўсіх фракцый. Зрэшты, чакаюць, што падчас абмеркаванняў праектаў на пленарным пасяджэнні «смелы» варыянт адправяць у кошык. Дата слуханняў пакуль не прызначаная.

Дэпутат Бундэстага Марылуізе Бек матывавала неабходнасць паніжэння консульскага збору магчымасцю перашкодзіць «Аляксандру Лукашэнку замкнуць сваю краіну на замок».

«Пасля падзення Берлінскай сцяны Захад узводзіць «жалезную заслону». Прапанова кіроўных партый – «звычайнае волевыяўленне і не прадугледжвае істотнага паляпшэння сітуацыі, на якое маглі б спадзявацца беларусы» – лічыць парламентарый.

1 студзеня 2007 года кошт шэнгенскіх віз вырас у сувязі з увядзеннем біяметрычных дадзеных. Пры гэтым Расея і Украіна праз аднабаковыя дамовы з Брусэлем у рамках палітыкі добрасуседства захавалі для сваіх грамадзян консульскі збор нязменным – 35 еўра.

Аднак з Беларуссю такая дамова не абмяркоўваўся, бо з боку Еўразвяза ўмовай падпісання дамовы ў рамках палітыкі добрасуседства з'яўляецца выкананне афіцыйным Менскам 12 прапаноў ЕЗ, галоўная з якіх – вызваленне ўсіх беларускіх палітвязняў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках