9 чэрвеня 2026, aўторак, 12:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Раскрытая сетка паставак ядзернага абсталявання з Расеі ў Іран

2

У Нямеччыне выявілі кантрабандную сетку па пастаўках ядзернага абсталявання з Расеі ў Іран: следства ведае пра пастаўкі на суму ў 150 млн даляраў, і гэта толькі "вяршыня айсберга". "Прыкрыццем" для кантрабанднай сеткі служыла берлінская фірма па выпуску бытавой электрахімічнай прадукцыі Vero Handels GmbH, якая належала грамадзяніну Расеі і Нямеччыны Дзмітрыя Залатарову, паведамляе NEWSru Israel са спасылкай на Ha'aretz.

Іран сцвярджае, што электрастанцыя ў Бушэры, у будаўніцтве якой бяруць удзел расейскія спецыялісты, прызначаецца для мірных мэт. Аднак спецслужбы лічаць, што рэактар будзе скарыстаны для стварэння ядзернай зброі. Нямеччына, якая падтрымлівала ў 70-я гады будаўніцтва, выйшла з праекту, а Іран быў занесены ў спіс краін, якім забароненая пастаўка ядзерных тэхналогій.

Аднак нямецкія прадпрыемствы знайшлі спосаб абыйсці забарону. Пагадненні з Іранам былі "замаскіраваныя" пад супрацоўніцтва з расейскімі прадпрыемствамі. "Прыкрыцце" забяспечвала фірма Залатарова і нейкага "Ігара Е.", як называе яго Focus. Паводле дадзеных следства, кантрабандысты скарысталіся тым, што расейскім заканадаўствам не забароненае супрацоўніцтва з Іранам.

Як паведамляе нямецкае радыё Deutsche Welle, кельнскі мытны крымінальны вышук правёў шырокамаштабную акцыю, у якой былі задзейнічаныя 250 працаўнікоў мытні. Ператрусы праводзіліся на тэрыторыі Баварыі, Бадэн-Вюртэмберга, Берліна, Гамбурга, Гессена, Ніжняй Саксоніі, Паўночнага Рэйна-Вестфаліі, Саксоніі, Саксоніі-Ангальт і Шлезвіга-Гольштэйна.

Паводле дадзеных пракуратуры Патсдама, канфіскаванае ў выніку ператрусу абсталяванне – галоўным чынам, электронныя кампаненты, трансфарматары, спецыяльныя электракабелі – прызначалася для нелегальнай адпраўкі ў Іран і магло быць скарыстанае ў рамках ядзернай праграмы. Меркаваны кошт канфіскаванага матэрыялу – ад трох да пяці мільёнаў еўра.

Паводле заявы патсдамскага пракурора Бенедыкта Вельфенса, у выніку расследавання ўсталяванае, што гатовы да адпраўкі спецыяльны кабель, зроблены на адным з размешчаных у наваколлях Франкфурта-на-Майне прадпрыемстваў, прызначаўся для нейкай іранскай фірмы, якая выконвала вайсковыя заказы, і мог быць скарыстаны ў іранскім войску.

Цяпер пад падазронам нямецкай пракуратуры сем чалавек, сярод якіх грамадзяне Нямеччыны і Расеі. Пакуль усе яны на свабодзе. Да суду іх прыцягнуць толькі ў тым выпадку, калі будзе даказанае, што яны свядома спрыялі ядзернаму ўзбраенню Ірана.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках