9 чэрвеня 2026, aўторак, 9:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Ліпай, БелаПАН: «Нашых падпісчыкаў цікавіць, з кім сустрэўся прэзідэнт»

1

21 лістапада на пытаньні “Радыё Свабода” адказваў стваральнік прыватнага агенцтва БелаПАН Алесь Ліпай.

Глядзеў неяк прэс-канферэнцыю Лукашэнкі і бачыў як вы перад ім прыніжаліся выпрошваючы ў дыктатара дазвол на адкрыццё радыёстанцыі. Вам не сорамна было? Ці гэта нармальны стан беларускай недзяржаўнай журналістыкі поўзаць на пузе перад чыноўнікам і казаць "мы ж харошыя". Віктар Верамейчык, Гародня

Шкада, што Вы гэтак неадэкватна ацанілі маё пытаньне на той прэсавай канфэрэнцыі. Я, нагадаю, ўздымаў пытаньне пра праблемы з доступам незалежных СМІ да інфармацыі і пра тое, што Міністэрства інфармацыі фактычна прыпыніла рэгістрацыю новых сродкаў масавай інфармацыі, на прыкладзе нашай радыёстанцыі гаварыў пра чыноўніцкія перашкоды і невыкананьне існуючых законаў. Як Вы маглі пачуць у гэтым выпрошваньне дазволу? І ці ня сорамна Вам за хлусьню?

Поўзаць на пузе – гэта ня проста ненармальны стан для любой журналістыкі, але і нязручна. Ня раю нават спрабаваць, бо перапэцкаецеся.

Вам не кажется, что у господина Зимовского достаточно возможностей для самовыражения и защиты существующего режима и без того, чтобы ему ещё давать площадку на сайте Вашего агентства? Такие люди, как Зимовский, самым прямым образом содействовали подавлению демократии и должны будут понести за это ответственность.

Наяўнасьць ці адсутнасьць у Аляксандра Зімоўскага магчымасьцяў для абароны рэжыму ніякім чынам не ўплывае на рэалізацыю маіх праектаў. Ідэю праекта “Мнение” ў інтэрнэт-газэце “Белорусские новости” я ўжо тлумачыў. Ягоная калёнка, дарэчы, - адна з самых чытэльных. Ня бачу падстаў дзеля таго, каб аддаваць перавагу чытачам, якія не жадаюць бачыць ягоныя матэрыялы ў нашай газэце, перад тымі, хто хоча іх тут чытаць. Тым болей, што ў Вас заўжды застаецца права не чытаць аўтараў, якія Вам не даспадобы.

Намеснік старшыні Цэнтрвыбаркама Лазавік неяк ставіў вашае агенцтва як прыклад аб’ектыўнай журналістыкі. Калі блакавалі інтэрнэт-сайты у час выбараў, вас гэта не закранула. Адкуль такая прыхільнасць з боку ўлады? Мо і сапраўды вы “харошыя”?

Супраць нашых сайтаў быў прыменены гэтак званы “шэйпінг трафіку”. Гэта больш складаная тэхнічна задача, чым проста заблакаваць сайт.

У прыклад нашае агенцтва можа паставіць ня толькі спадар Лазавік, але кожны, хто непрадузята пазнаёміцца з нашымі матэрыяламі. Дарэчы, усе выбарчыя кампаніі мы асьвятлялі ў рэжыме рэальнага часу і ў вольным доступе на адмысловым сайце - http://by.belaruselections.info/

Мы былі найбольш цытаванай крыніцай інфармацыі пра беларускія выбары. Заметкі і артыкулы БелаПАНу перадрукоўвалі па ўсім сьвеце, у тым ліку і тыя беларускія сайты, якія блакаваліся ўладамі больш сякернымі метадамі.

Чаму "Беларускія навіны" апошнім часам сталі цалкам расейскамоўнымі? Кан'юнктура? А яшчэ вершы пішаце на тарашкевіцы... Дый наогул - Вашая інтэрнэт-газэта стала менш цікавай. А пачыналася ўсё цікава...

Няпраўда Вашая. Як раз апошнім часам у нас стала больш беларускамоўных матэрыялаў. Перадусім у рубрыцы “Мнение”.

Пра вершы Вы ўвогуле дарма. Прычым тут адно да другога? Можа быць, для Вас асабіста і сапраўды газета стала меней цікавай. Але чытачоў у яе становіцца больш, і мы пастаянна стаім перад выбарам: рабіць усё, каб захаваць існуючых чытачоў, ці нешта мяняць, каб прыцягваць новых. Спрабуем і тое, і другое. З Вамі, на жаль, гэтая схема не спрацавала...

Вітаю! Як пан Алесь Ліпай ставіцца да газеты "Советская Белоруссия" і тэлеканалаў ОНТ і БТ? У апошні час ідзе размова пра адкрыццё незалежнага спадарожнікавага каналу "Белсат". Як на Вашу думку,ці будзе адказ з боку ўладаў? Дзякуй! int13h

“Советская Белоруссия”, ці, дакладней, “Беларусь сегодня” – адно з найбольш прафэсійных выданьняў нашай краіны. Яны творча і заўзята абараняюць інтарэсы свайго заснавальніка. Іншая справа, што, мая б воля, дык дзяржаўных СМІ ў Беларусі не было б. Але і прыватныя заснавальнікі - ня ўсе прыхільнікі этычнай і прафэсыйнай журналістыкі. Так што праблема шырэй.

БТ і ОНТ таксама служаць. На мой погляд, у БТ атрымліваецца лепей. Трэба прызнаць, што за апошнія гады гэты тэлеканал з кандовага пераўтварыўся ў сучасны высокаэфектыўны ідэалягічны інструмэнт.

Зьяўленьне БелСАТу магу толькі вітаць. Спадзяюся, што ён ня стане ідэалягічным інструмэнтам.

Хацелася б пажадаць БелаПАНу больш вострых матэрыялаў, бо часам чытаецца як замшэлая “раёнка”: прэзідэнт сустрэўся, міністр паездзіў... Ну які прэзідэнт пасля 2001 і 2006 гадоў, пасля усіх гвалтаў і фальсіфікацый?!

Ведаеце, нашых падпісчыкаў, як ні дзіўна Вам, цікавіць, з кім сустрэўся прэзідэнт і куды паехаў міністр. Так што мы і пра гэта будзем пісаць. Ніводная падзея ў краіне не застанецца па-за нашай увагай, як бы тое каму ні хацелася.

Поўны тэкст онлайн-канфэрэнцыі з Алесем Ліпаем ТУТ

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках