9 чэрвеня 2026, aўторак, 14:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віктар Івашкевіч: Улады імітуюць «перабудову»

Віктар Івашкевіч: Улады імітуюць «перабудову»

Пра актуальныя падзеі палітычнага жыцця Беларусі прэс-цэнтр Хартыі’97 размаўляе з намеснікам старшыні партыі БНФ Віктарам Івашкевічам.

Сёння ва Управе БНФ пройдуць дэбаты паміж кандыдатамі на пасаду старшыні Партыі БНФ з удзелам менскага актыву партыі. Вы разам з Вінцуком Вячоркам і Алесем Міхалевічам ужо бралі ўдзел у дэбатах у рэгіёнах і ў Інтэрнэце. Якія ўражанні ад працэсу?

– Тыя, хто задаваў пытанні падчас анлайн-дэбатаў у «Нашай Ніве», у асноўным, не былі сябрамі БНФ. У большасці сваёй гэта былі сябры Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ і беспартыйныя крытыкі дзейнасці палітычных партый. Ва ўсялякім выпадку пытанні былі карыснымі, бо трэба на іх даваць адказы, нават, калі гэтыя пытанні першапачаткова нясуць у сабе негатыўную ацэнку таго чалавека, каму гэтае пытанне прызначалася. Тым не менш, як нейкі трэнінг палітыкаў для шліфоўкі сваіх фармулёвак і пазіцый, гэта было вельмі карысна.

Я думаю, што сябры Партыі БНФ могуць аддзяліць словы пра тое, што трэба, каб усё было добра, ад рэальных магчымасцяў пэўных людзей ажыццявіць тое, што яны дэкларуюць як сваю задачу. Пісаць гладкія тэксты з хрэстаматыйнымі падыходамі – гэта трэба, але трэба ж усё гэта выконваць. І найперш трэба разглядаць кожнага прэтэндэнта з пункту гледжання, наколькі ён сам можа арганізоўваць тую працу, якую ён лічыць неабходнай.

Кажуць, не ўсе кандыдаты былі згодныя з прысутнасцю журналістаў на дэбатах ва Управе БНФ.

– Мая пазіцыя такая – дэбаты павінны быць максімальна адкрытымі і звернутымі не ва ўнутр сябе, а на людзей, якія знаходзяцца па-за БНФ. І толькі такім чынам мы можам выйсці з ізаляцыі, і партыя можа стаць насамрэч шырокім Народным Фронтам. Для гэтага павінна быць максімальна адкрытая і шчырая гутарка з усім грамадствам. У Народнага Фронту не павінна быць прыватных праблемаў.

Мае некаторыя калегі лічаць па-іншаму. Яны лічаць, што нельга з сям'і выносіць смецце. Але я катэгарычна не згодны разглядаць шырокую, масавую арганізацыю як сям'ю. Сям'я ёсць сям'я, а палітычная арганізацыя ёсць палітычная арганізацыя. І сямейныя стасункі не маюць дачынення да палітычнай працы. А калі палітычныя актывісты лічаць, што грамадска-палітычная праца павінна насіць нейкі кулуарны характар, то гэта няправільна, на маю думку.

На мінулым тыдні ў Вільні прайшла канферэнцыя з удзелам лідэраў апазіцыі. Агульная пазіцыя з нагоды ўдзелу ў парламенцкіх выбарах выпрацаваная не была?

– Ва ўладзе ёсць групоўка, якая хацела б займець еўрапейскія грошы і гатовая таргавацца з Еўропай. Весці гандаль як на рынку Бухары. З максімальным прыніжэннем сваёй гатоўнасці да перамен і максімальным завышэннем сваёй цаны. Нельга ўлічваць такую пазіцыю ўлады – «прыміце нас такімі, якія мы ёсць, з нашай палітычнай сістэмай – дыктатурай, і дайце нам 40 мільярдаў еўра». Павінны быць іншыя стартавыя ўмовы. Выканаеце 12 прапаноў Еўразвяза і тады вы атрымаеце інвестыцыі ў эканоміку, можа нават у большым памеры, чым вы хочаце ўзяць крэдытаў.

І тут улады робяць такія крокі: мы гатовыя размаўляць з рокерамі, мы гатовыя не біць па галаве маніфестантаў, мы нават дазваляем з'ездзіць Таварыству аховы помнікаў да крыжоў, усталяваных у гонар удзельнікаў Слуцкага паўстання. І гэта ёсць дэманстрацыя таго, што яны гатовыя таргавацца. Але заяўляць, што мы на ўсялякіх умовах гатовыя ісці на выбары – гэта капітуляцыя з улікам манеры паводзін улад. Я лічу, што пазіцыя БНФ павінна быць цвёрдай – вызваленне ўсіх палітвязняў, свабода слова, свабода аб'яднанняў і свабодныя выбары з допускам прадстаўнікоў апазіцыі ва ўчастковыя і акруговыя выбарчыя камісіі і рэгістрацыяй дэмакратаў кандыдатамі ў дэпутаты.

Для абмеркавання гэтых пытанняў можна весці дыялог. І я думаю, што трэба адгукнуцца на прапановы лідэра новастворанага аб'яднання «Белая Русь» Аляксандра Радзькова і прапанаваць гэтыя пэўныя справы абмеркаваць для таго, каб «дэпутаты», якія ўваходзяць у «Белую Русь», паднялі гэтыя пытанні на сесіі «палаты прадстаўнікоў», калі яны хочуць наладжваць узаемавыгадныя стасункі з Еўропай. Слава Богу, еўрапейскія палітыкі сёлета вельмі адназначна, асабліва пасля Еўрапейскага Марша, заявілі, што вызваленне абсалютна ўсіх палітвязняў – неабходная ўмова для перамоваў.

А як вы ацэньваеце сустрэчу намесніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Алега Пралескоўскага з беларускімі музыкамі?

– Я, шчыра кажучы, не бачу праблемы ў самім факце гутаркі. Іншая справа, павінна быць свая пазіцыя. Прыйсці і сказаць Пралескоўскаму, што вашы дзеянні з «чорнымі спісамі» – дзікасць, гэта нармальна. Іншая справа, наколькі гэта можа быць эфектыўным. Калі праўда, што музыкі пагадзіліся не ўдзельнічаць у акцыях пратэсту, то гэта няправільна з іх боку. Таму што яны самі прыніжаюць свой узровень. Трэба проста разумець, што на сёння ўладзе больш за ўсё патрэбная дэманстрацыя таго, што яны ідуць на нейкую дэмакратызацыю. Зыходзячы з гэтага, сябе трэба трымаць у руках і адстойваць свае пазіцыі. Гэта ўлады павінны свае дзікія сегрэгацыі з твару прыбіраць, а не рокерам адмаўляцца ад сувязі з бел-чырвона-белым сцягам.

А ці не здаецца Вам, што сустрэча з беларускімі музыкамі была прапагандысцкай падрыхтоўкай да Менскага форума?

– Вядома! Справа ў тым, што незбіццё ўдзельнікаў Еўрапейскага і Сацыяльнага маршаў, заявы пра гатоўнасць да дыялогу таго ж Радзькова, сустрэчы з рокерамі – звёны аднаго ланцуга. Яны хочуць імітаваць «перабудову», каб атрымаць пад гэта пэўныя грошы. Але сам факт таго, што ўлады пачалі імітаваць, значыць, што пазіцыі ў іх слабыя. Таму што летась яны лічылі – можна даць дубінкай па галаве, пасадзіць Казуліна і чхаць мы на ўсё хацелі. Цяпер так сябе весці яны ўжо не могуць, таму што ў кішэнях вецер шпацыруе. І трэба нам гэта разумець, і, зыходзячы з гэтага разумення, патрабаваць рэальнай дэмакратызацыі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках