Прэзідэнцкія выбары ў Расеі пройдуць 2 сакавіка 2008 года
- 26.11.2007, 9:39
Савет Федэрацыі прызначыў дату выбараў прэзідэнта РФ на 2 сакавіка 2008 года. Менавіта верхняя палата расейскага парламента, згодна з Канстытуцыяй, прызначае выбары кіраўніка дзяржавы.
На пасяджэнні Савета Федэрацыі ў панядзелак сенатары абмеркавалі адзінае пытанне – наконт даты прэзідэнцкіх выбараў. Рашэнне аб прызначэнні даты прэзідэнцкіх выбараў было прынятае сенатарамі аднагалосна.
Кіраўнік камітэта верхняй палаты па канстытуцыйным заканадаўстве, сенатар Юры Шарандзін адзначыў, што рашэнне аб прызначэнні выбараў, згодна з законам "Аб выбарах прэзідэнта РФ", "павінна быць прынятае не раней, як за 100 дзён, і не пазней, чым за 90 дзён да дня галасавання".
"Днём галасавання на выбарах прэзідэнта РФ з'яўляецца другая нядзеля месяца, у якім праводзілася галасаванне на папярэдніх агульных выбарах кіраўніка дзяржавы і ў якім чатыры гады таму быў абраны прэзідэнт РФ", – сказаў далей Ю.Шарандзін. У 2004 годзе прэзідэнт РФ быў абраны 14 сакавіка.
Другая нядзеля сакавіка 2008 года выпадае на 9 сакавіка, якое з'яўляецца наступным днём за непрацоўным святочным 8 сакавіка, якое прыходзіцца на суботу. "Законам усталяванае, што калі нядзеля, на якую павінны быць прызначаныя выбары кіраўніка дзяржавы, супадае з днём, папярэднім непрацоўнаму святочнаму дню, або з непрацоўным святочным днём, або з днём, наступным за непрацоўным святочным днём, альбо гэтая нядзеля ва ўсталяваным парадку абвешчаная працоўным днём, то выбары прызначаюцца на папярэднюю нядзелю. У дадзеным выпадку гэта 2 сакавіка наступнага года", – растлумачыў кіраўнік камітэта Савета Федэрацыі.
Адказваючы на пытанне, ён растлумачыў, што ў выпадку, калі верхняя палата не прызначыць выбары прэзідэнта ва ўсталяваны законам "Аб выбарах прэзідэнта РФ" тэрмін, то выбары прызначаюцца і праводзяцца Цэнтрвыбаркамам.
Менавіта камітэт па канстытуцыйным заканадаўстве Савета Федэрацыі ўносіць на сцвярджэнне палаты праект пастановы аб прызначэнні даты выбараў кіраўніка дзяржавы. Рашэнне павінна быць прынятае большасцю галасоў ад агульнай колькасці сяброў палаты і аформленае адпаведнай пастановай.
Рашэнне аб даце прэзідэнцкіх выбараў павінна быць апублікаванае ў СМІ не пазней, як праз пяць дзён з дня прыняцця гэтага рашэння.