9 чэрвеня 2026, aўторак, 12:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі сіндром

5

Гары Каспараў асуджаны на пяць сутак арышту. Рэакцыя расейскіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў пакажа, ці здольная апазіцыя супрацьстаяць сапраўднаму ціску з боку ўлад, піша расейскі журналіст Павал Шарамет у газеце «Ведомости».

Крытычна настроеныя па дачыненні да прэзідэнта Пуціна эксперты і палітолагі даўно параўноўваюць сучасную Расею з Беларуссю Аляксандра Лукашэнкі. Шмат якія назіральнікі нават сур'ёзна лічаць Беларусь палігонам, на якім адпрацоўваюцца палітычныя тэхналогіі для наступнага ўжывання ў Расеі. «Лукашызацыя» Расеі – ужо ўстойлівы дыягназ расейскага палітычнага працэсу, не заўважыць сімптомы проста немагчыма.

Беларусы больш не шукаюць дапамогі ў сваіх таварышаў па дэмакратычным крыле, беларускія дэмакраты нават дазваляюць сабе прад'яўляць прэтэнзіі і таргавацца з расейскай уладай з нагоды будучых узаемінаў. Беларускія партыі пад пагрозай нашмат больш сур'ёзных рэпрэсій выводзяць у Менску на вуліцы ў разы больш сваіх прыхільнікаў, чым арганізатары маршаў нязгодных у Маскве і Пецярбургу. Беларускія апазіцыйныя партыі даўно вырашылі пытанне аб аб'яднанні сваіх патрапаных і разрозненых сілаў, аб падтрымцы адзінага кандыдата на выбарах, аб каардынацыі дзеянняў… Беларускія палітыкі ўжо даўно перажылі і пераадолелі тыя псіхаэмацыйныя станы, якія цяпер перажываюць расейскія дэмакраты: ад чакання цуду да спроб дамовіцца з уладай, ад тактыкі непраціўлення злу насіллем да падпольных ячэек і таемных начных вылазак. Галоўнае – яны навучыліся салідарнай абароне ад рэпрэсій, яны стварылі салідарныя праграмы дапамогі абвінавачваным і асуджаным.

Я пішу ўсё гэта не з мэтай абразіць расейскіх дэмакратаў, свайго старэйшага таварыша Барыса Нямцова, якога ў нядзелю захапілі ў Піцеры амапаўцы. Наадварот. Можа, Уладзімір Пуцін і выкарыстае прыёмы Лукашэнкі, але расейская апазіцыя відавочна не аналізуе досвед сваіх беларускіх калегаў. Улада заўсёды ідзе настолькі далёка, наколькі апазіцыя і грамадства ёй гэта дазваляюць. Некалькі месяцаў таму Гары Каспарава за арганізацыю маршу нязгодных аштрафавалі ўсяго на 1000 руб. Тады над гэтым пасмяяліся. Цяпер Каспарава ўжо асудзілі на пяць сутак арышту. І пакуль за чэмпіёна свету па шахматах ніхто асабліва не заступіўся, навіна не стала сенсацыяй і не выклікала буру пратэсту. Калі не выкліча, то за наступны марш Каспараў атрымае 15 сутак, а ў суседняй камеры могуць апынуцца і Нямцоў, і Белых. А праз год да іх далучыцца, напрыклад, Рыгор Яўлінскі.

Каго хвалюе чужое гора, абы зберагчы ўласнае шчасце і супакой. Усхапіліся, а вакол – цішыня. У беларускай апазіцыі сышло 10 гадоў на кансалідацыю. Самы час пасылаць ганцоў у Менск за досведам.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках