АЭС у Беларусі і Іране пабудуе адзін холдынг?
1- 27.11.2007, 9:57
Прадстаўнік расейскага холдынгу "Атомстройэкспорт" паведаміў, што прадпрыемства вядзе перамовы з Беларуссю аб будаўніцтве першай беларускай АЭС. Адпаведную заяву першы віцэ-прэзідэнт "Атомстройэкспорта" зрабіў на міжнароднай канферэнцыі па пытаннях будаўніцтва атамных электрастанцый.
Дарэчы, менавіта "Атомстройэкспорт" будуе іранскую АЭС у Бушэры, паведамляе Тэлеграф.
«Мы вядзем пэўныя перамовы з Беларуссю па будаўніцтве атамнай станцыі», – паінфармаваў Аляксандр Глухаў. Паводле яго, гаворка ідзе пра абмеркаванне спецыялістамі праекту вода-вадзянога рэактара.
«Ужо можна казаць, што беларускі ўрад прыняў рашэнне аб будаўніцтве вода-вадзянога энергетычнага рэактара», – заявіў першы віцэ-прэзідэнт "Атомстройэкспорта".
ЗАТ "Атомстроэкспорт" цяпер узводзіць пяць энергаблокаў за межамі Расеі, у тым ліку ў Іране і Баўгарыі. Для тэндэру на будаўніцтва АЭС у Беларусі рыхтуюць конкурснае заданне.
Як раней паведамляў Тэлеграф, удзельнікам міжнароднага тэндэру на будаўніцтва першай беларускай АЭС будзе прапанаванае рашыць спецыяльнае конкурснае заданне, якое цяпер знаходзіцца на стадыі распрацоўкі.
Па словах першага намеснік старшыні прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Пятра Віцязя, конкурс будзе абвешчаны "ва ўсталяваным парадку, як гэта прынятае ў шматлікіх дзяржавах". Пры гэтым, паінфармаваў першы намеснік старшыні прэзідыума НАН РБ, "ёсць пытанні, якія будуць вырашацца ў рамках двухбаковых пагадненняў, перамоваў". "Натуральна, без расейцаў мы яе не пабудуем", – запэўніў на прэс-канферэнцыі Пётр Віцязь.
Нагадаем, Кітай таксама мае намер пабудаваць атамную станцыю, але з дапамогай французскіх кампаній і, адпаведна, французскіх тэхналогій.
Напярэдадні паміж Кітаем і Францыяй падчас візіту ў Пекін прэзідэнта Францыі Нікаля Сарказі была падпісаная адпаведная дамова на суму 8 млрд даляраў. Мабыць, кітайцам і адзін Чарнобыль не патрэбен.