Навумаў едзе ў Жэневу
10- 27.11.2007, 10:31
Пытанні супрацоўніцтва Беларусі і Міжнароднай арганізацыі па міграцыі (МАМ) абмяркуюць на сустрэчы міністр унутраных спраў Беларусі Уладзімір Навумаў і кіраўнік МАМ Брунсан Макінлі ў Жэневе, паведаміла Інтэрфаксу начальніца ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Кацярына Самусенкава-Шэлегава.
"У рамках візіту У.Навумава ў Жэневу запланаваная яго сустрэча з гендырэктарам МАМ Б. Макінлі, у рамках якой мяркуецца абмеркаванне перспектыў далейшага ўзаемадзеяння і рэалізацыі ў Беларусі сумесных праектаў і праграм", – сказала К.Самусенкава-Шэлегава.
Яна нагадала, што У.Навумаў бярэ ўдзел 94-ай сесіі Савета МАМ, якая працягнецца да 30 лістапада. Кіраўнік міліцэйскага ведамства Беларусі паведаміць сябрам МАМ пра адкрыццё ў Менску Міжнароднага навучальнага цэнтра падрыхтоўкі, падвышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў у сферы міграцыі і процідзеяння гандлю людзьмі, а таксама наяўным патэнцыяле для аказання падтрымкі іншым краінам, якія імкнуцца выпрацаваць больш эфектыўныя сумесныя падыходы да кіравання міграцыяй і барацьбы з гандлем людзьмі, паведаміла прадстаўніца МУС.
У працы сесіі бяруць удзел прадстаўнікі 120 дзяржаў-сябраў, 20 дзяржаў-назіральніц, а таксама шматлікіх міжурадавых і няўрадавых арганізацый, якія маюць статус назіральніка, удакладніла К.Самусенкава-Шэлегава.
Нагадаем, што міністр унутраных спраў Беларусі Уладзімір Навумаў разам з іншымі вышэйшымі беларускімі службоўцамі падазраецца ў дачыненні да знікненняў і забойстваў у Беларусі лідэраў апазіцыі і журналіста. За гэта яму і іншым службоўцам забаронены ўезд у краіны Еўразвяза і ЗША.
У Швейцарыю Навумаў можа ехаць па той прычыне, што гэтая краіна не сябар Еўразвяза. Акрамя таго, дзейнічае правіла міжнародных арганізацый: дзяржавы, на тэрыторыі якіх дзейнічаюць такія арганізацыі, падпарадкоўваюцца ў дадзеным выпадку іх рэжыму.