З БДУ хочуць зрабіць «ідэалагічны цэнтр»
4- 27.11.2007, 12:20
Творчая сустрэча кіраўніцтва, выкладчыкаў, супрацоўнікаў і студэнтаў Беларускага і Магілёўскага дзяржаўных універсітэтаў праходзіць 27 лістапада ў ліцэі БДУ. У Менск прыбыла вялікая дэлегацыя (больш за 100 чалавек) на чале з рэктарам МДУ ім. Аркадзя Куляшова Кастусём Бандарэнкам.
Як паведамляе прэс-служба БДУ, такая маштабная сустрэча праводзіцца ўпершыню. Яе мэта – умацаванне сувязяў паміж вядучым і рэгіянальным класічнымі універсітэтамі, выпрацоўка новых форм канструктыўнага ўзаемадзеяння і абмен досведам.
Тэма сустрэчы – "Сучасны ўніверсітэт як культурна-адукацыйны і ідэалагічны цэнтр". Кіраўнікі дзвюх ВНУ абмяркуюць досвед ідэалагічнай і выхаваўчай працы з студэнтамі. Пасля ўдзельнікі працягнуць дыскусію за круглымі сталамі па наступных кірунках: "Навукова-метадычнае забеспячэнне ўдасканалення адукацыйнай сістэмы Беларусі"; "Студэнцкае самакіраванне і грамадскія моладзевыя аб'яднанні ў сучасным ВНУ"; "Арганізацыя інфармацыйнай і прапагандысцкай працы ў ВНУ". Таксама ў ліцэі БДУ разгорнецца тэматычная выстава "Месца класічнага універсітэта ў нацыянальнай сістэме адукацыі Беларусі".
Падвядзе вынікі сустрэчы рэктар БДУ прафесар Васіль Стражаў, выступіўшы з дакладам "Роля БДУ ў сістэме ідэалагічнай і выхаваўчай працы з моладдзю".