Пенсіянеры выйдуць з пратэстам
- 30.11.2007, 9:40
Берасцейскія актывісты Партыі камуністаў Беларускай (ПКБ) 29 лістапада падалі 16 заявак на правядзенне пікетаў супраць адмены сацыяльных ільгот. Дзесяць заяўнікаў акцый – пенсіянеры
Як паведаміла БелаПАН першая сакратарка гаркама Партыі камуністаў Беларускай Людміла Дзянісенка, акцыі пратэсту збіраюцца правесці ў дзень салідарнасці з палітвязнямі, 16 снежня, то бок, напярэдадні ўступлення ў сілу закона аб адмене льгот.
"Усе заяўкі на падставе закона "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь" пададзеныя ад жыхароў абласнога цэнтра. Цікава, што дзесяць з заяўнікаў – пенсіянеры", – адзначыла Л.Дзянісенка.
Паводле яе слоў, пікеты плануюць правесці ля пяці рынкаў горада, шэрагу буйных крам, пяць – на цэнтральнай плошчы горада. Яшчэ два – на стадыёне "Лакаматыў".
"Мы не выключаем таго, што ўлада можа знайсці "важкія" прычыны і адмовіць у правядзенні акцый пратэсту, якія будуць накіраваныя не толькі супраць адмены льгот найменш абароненым пластам насельніцтва, але і ў цэлым супраць сацыяльнай палітыкі ўлад. Людзі абураныя адменай сацыяльных гарантый. Гэта выразна прадэманстравалі сустрэчы з выбаршчыкамі, якія 26 лістапада ў Берасце правялі дэпутаты «палаты прадстаўнікоў» Алег Вялічка, Святлана Гіль і Валянціна Качан, абраныя ў парламент ад абласнога цэнтра", – заявіла Л.Дзянісенка.
Паводле яе інфармацыі, 30 лістапада актывісты ПКБ маюць намер падаць у Берасцейскі гарвыканкам яшчэ 14 аналагічных заявак.